Эпідэмія грыпу ў Беларусі чакаецца ў звычайныя характэрныя для яе тэрміны: канцы студзеня — пачатку лютага. Пра гэта паведаміла галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан

Паводле яе слоў, эпідэмія грыпу чакаецца сярэдняй ступені інтэнсіўнасці, будуць пераважаць вірусы A (сезонны вірус А (Н1N1) і А (H3N2)) і B. У мінулым сезоне эпідэмія пачыналася з перавагі вірусаў В, у яе разгар пераважалі вірусы А, затым, пры зніжэнні інтэнсіўнасці, зноў адзначаўся грып В. Хутчэй за ўсё, у наступным годзе эпідэмія грыпу будзе гэткай жа.

Карабан заявіла, што аптымальныя тэрміны імунізацыі супраць грыпу — да снежня.

Імунітэт пасля прышчэпкі захоўваецца максімум да 6—8 месяцаў.

Як паведаміла загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Шымановіч, на сёння ў Беларусі вакцыянаваныя супраць грыпу ўжо 15% насельніцтва — 1 млн. 400 тыс. чалавек. Завезены ў Беларусь аб'ём вакцыны дазваляе ахапіць прышчэпкамі каля 28% насельніцтва, аднак пастаўкі працягваюцца. Плануецца, што да заканчэння кампаніі па імунізацыі ад грыпу прышчэпяцца 30% насельніцтва.

Бясплатна імунізуюцца групы рызыкі. У іх ліку людзі з высокай рызыкай узнікнення ўскладненняў пасля пранесенага грыпу: з хранічнымі захворваннямі, пенсіянеры ва ўзросце больш за 65 гадоў, а таксама людзі з высокай рызыкай заражэння на грып: медыкі, дашкольнікі і школьнікі пачатковых класаў, дзеці і дарослыя, якія пастаянна знаходзяцца ў закрытых калектывах і інш.

Усе жадаючыя таксама могуць прышчапіцца за кошт асабістых сродкаў. Атрымаць прышчэпку можна ў любой паліклініцы па месцы жыхарства, у любым медыцынскім цэнтры. Апрача таго, некаторыя прадпрыемствы і арганізацыі аплачваюць імунізацыю сваіх супрацоўнікаў.

Шымановіч рэкамендуе прышчапіцца за кошт асабістых сродкаў цяжарным жанчынам і людзям, у сем'ях якіх ёсць дзеці да 6 месяцаў: такім дзецям прышчэпкі не паказаны, але ў выпадку заражэння грып можа працякаць з ускладненнямі.

Як зазначыла Шымановіч, вакцынацыя супраць групу не абараняе супраць захворвання поўнасцю, а прадухіляе развіццё ўскладненняў. З усіх захварэўшых на грып падчас эпідэміі толькі 5% прышчэплены супраць яго.

Паводле слоў спецыяліста, распаўсюджанне грыпу значна зніжаецца, калі прышчэпку атрымалі 40% школьнікаў. Для таго каб поўнасцю спыніць распаўсюджанне грыпу, павінны быць прышчэплены 75% насельніцтва. Аднак ніводная краіна не дасягае гэтага паказчыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?