Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 6 кастрычніка разгледзеў матэрыялы адміністрацыйнай справы актывіста гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Віктара Цяпіна і аштрафаваў яго на 25 базавых велічынь (875 тыс. рублёў).

Як паведаміў Цяпін, раніцай 23 і 27 верасня ён распаўсюджваў перад уваходам на Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, дзе працуе інжынерам-канструктарам, улёткі з інфармацыяй пра Народны сход. Яго правядзенне запланавана апазіцыяй на 8 кастрычніка ў Баранавічах у старым парку культуры і адпачынку па вуліцы Камсамольскай.

Паводле слоў Цяпіна, 29 верасня да яго на працу прыйшоў старшы ўчастковы інспектар міліцыі і прапанаваў прайсці ў гарадскі аддзел унутраных спраў.

Там на Цяпіна былі складзены два пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.

«Сёння на судовым пасяджэнні я, спасылаючыся на артыкулы законаў аб масавых мерапрыемствах і рэспубліканскіх і мясцовых сходах, даказваў, што ў маіх дзеяннях няма падзеі і складу адміністрацыйнага правапарушэння, у якім мяне абвінавачваюць, — дапоўніў Цяпін. — Суддзя аб’явіла перапынак і потым зачытала рашэнне суда, з якога вынікае, што мне выпісаны штраф. Пры гэтым артыкул, па якім я прызнаны вінаватым, не быў названы. Мне сказалі, што я даведаюся аб гэтым заўтра, калі атрымаю на рукі рашэнне суда».

Цяпін мае намер абскардзіць яго ў Брэсцкім абласным судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?