Ганна Паліткоўская была забітая ўдзень 7 кастрычніка 2006 года, у пад’ездзе дома, дзе жыла. І ў той самы дзень прадстаўнікі праваахоўных органаў заявілі, што звязваюць гэтае забойства з прафесійнай дзейнасцю журналісткі.

Следства працягвалася амаль год, калі на старонкі газет трапілі прозвішчы 11 затрыманых у сувязі са справай пра забойства Ганны Паліткоўскай. Зрэшты, з гэтых 11-ці толькі чацвёра апынуліся ў судзе і пасля былі апраўданыя прысяжнымі аднагалосна. Аб прагрэсе ў расследаванні забойства Ганны Паліткоўскай пачалі казаць у траўні сёлета, адразу пасля арышту Рустама Махмудава, якога следства называе непасрэдным выканаўцам. А ў канцы лета адбыўся яшчэ адзін гучны арышт: у ізалятар быў змешчаны падпалкоўнік міліцыі Дзмітрый Паўлючэнкаў. Раней ён праходзіў па справе як ключавы сведка абвінавачання, а цяпер яго называюць арганізатарам забойства Ганны Паліткоўскай. На думку адваката Ганны Ставіцкай, якая прадстаўляе інтарэсы сям’і Ганны Паліткоўскай, праваахоўныя органы і расійскія ўлады не надта шчыравалі ў раскрыцці гэтага злачынства:

— Калі б улады рабілі ўсё, што магчыма, для пошуку забойцаў Ганны Паліткоўскай, то за пяць гадоў, я думаю, гэта зрабіць было б можна.
І ўсе асобы, якія маюць дачыненне да справы, былі б на лаве падсудных. На дадзены момант следства лічыць, што знойдзеныя практычна ўсе ўдзельнікі гэтага злачынства, пачынаючы ад выканаўцы, заканчваючы тым чалавекам, які браў замовы на забойства, аднак так і застаецца невядомым замоўца. Калі быць аб’ектыўным, то можна сказаць, што следства дасягнула пэўных поспехаў, але калі б следства прыслухоўвалася не толькі да сваёй думкі, але і да думкі, у прыватнасці, боку пацярпелых, то, магчыма, гэтыя затрыманні адбыліся б на больш ранніх этапах расследавання.

Ганна Ставіцкая адзначыла, што шмат у чым справа зрушылася з мёртвай кропкі дзякуючы журналістам «Новай газеты», якія некалькі гадоў вялі ўласнае расследаванне абставінаў забойства Ганны Паліткоўскай і дзяліліся здабытымі звесткамі з удзельнікамі следчай брыгады. Шэф-рэдактар «Новай газеты» Сяргей Сакалоў не выключае, што новы судовы разбор па справе пра забойства Ганны Паліткоўскай можа пачацца ўжо сёлета:

— Следства магло быць больш эфектыўным, калі б не прыўнесеныя звонку элементы:
сварка паміж двума ведамствамі — Генпракуратурай і Следчым камітэтам. Або выступы лідараў дзяржавы са сваімі публічнымі версіямі, якія следства вымушанае было адпрацоўваць. Калі б не было такой карумпаванай улады, праваахоўнай сістэмы, якая прадавала за грошы ўсю інфармацыю, якая трапляла ў «дзяжурную частку». Усе гэтыя прыўнесеныя абставіны следству заміналі. Да таго ж, само па сабе злачынства складанае, хоць бы таму, што на лаве падсудных, думаю, ужо ў наступным годзе апынуцца вельмі сур’ёзныя людзі, якія мелі дачыненне да сакрэтных падраздзяленняў ГУУС і былі на сувязі з агентурай Федэральнай службы бяспекі, — лічыць Сяргей Сакалоў.

Зрэшты, калі цяпер з’явілася пэўная яснасць адносна асобаў, якія арганізавалі і ўчынілі забойства Ганны Паліткоўскай ў 2006 годзе, то ніякай пэўнасці з тым, хто выступіў замоўцам злачынства, няма. Прыводзіліся самыя разнастайныя версіі, іх выказвала ў тым ліку і кіраўніцтва Расіі, але, на думку Іллі, сына Ганны Паліткоўскай, ніводная з агучаных версій пра замоўцу не наблізілася да праўды:

— Я не хачу сказаць, што нехта супрацьдзейнічае расследаванню, але шмат якія дзеянні істотна запазніліся. У першую чаргу, арышт аднаго з асноўных арганізатараў — Паўлючэнкава, і магчымага кілера Махмудава. Наконт замоўцы няма нічога, акрамя здагадак.

Адвакат Ганна Ставіцкая перакананая: калі чалавек, які замовіў забойства Ганны Паліткоўскай, мае непасрэднае дачыненне да расійскай улады, то яго прозвішча так і не будзе названае:

— Калі да забойства Ганны Паліткоўскай датычны прадстаўнік улады, то хутчэй за ўсё мы ніколі не даведаемся яго імя.

Ганна Паліткоўская была вядомая сваімі публікацыямі на тэму Чачні і Паўночнага Каўказа. Апошні апублікаваны пры яе жыцці артыкул — «Карная змова» — быў прысвечаны складу і дзейнасці чачэнскіх атрадаў, якія ваююць на баку федэральных сіл. Для многіх, пра каго пісала і каму дапамагала Ганна Паліткоўская, яна была не столькі журналісткай, колькі праваабаронцам. Чалец праўлення Міжнароднага гісторыка-асветніцкага праваабарончага і дабрачыннага таварыства «Мемарыял» Аляксандр Чаркасаў нагадвае:

— Другая чачэнская вайна, узброены канфлікт на Паўночным Каўказе, які пачаўся ў 1999 годзе і працягваецца да гэтага часу, выклікаюць у памяці публікацыі, імя Ганны Паліткоўскай. Няма іншага журналіста з такім стылем, з такім уменнем звяртаць увагу чытача на страшныя і трагічныя падзеі. Хаця многія тэмы, якія вяла Ганна Паліткоўская, працягнулі журналісты, яе калегі.

Наташа Эстэмірава пасля смерці Паліткоўскай пачала друкавацца ў «Новай», каб часткова кампенсаваць гэтую страту, але Наташу забілі два гады таму. Зеўра пустэчы…
 — падкрэсліў Аляксандр Чаркасаў.

У цяперашні час тэрмін следства па справе аб забойстве Ганны Паліткоўскай падоўжаны да 7 снежня. У рэдакцыі «Новай газеты» сцвярджаюць, што звесткі, якія дапамаглі кілеру здзейсніць забойства журналісткі і пакінуць месца злачынства, для яго пастаўлялі дзейныя на той момант супрацоўнікі міліцыі, падначаленыя арыштаванага нядаўна былога падпалкоўніка міліцыі Дзмітрыя Паўлючэнкава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?