Суд Кастрычніцкага раёна Мінска 25 студзеня прыняў рашэнне прысудзіць лідэру аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандру Мілінкевічу штраф у памеры 4 650 000 беларускіх рублёў «за наўмыснае незаконнае перасячэнне мяжы».Суд адбываўся без Аляксандра Мілінкевіча.

Гэтае паседжанне было ўжо другім у справе. На першым паседжанні, якое адбылося 5 студзеня, суддзя прызнаў, што пратакол у дачыненні да Аляксандра Мілінкевіча складзены з парушэннямі і накіраваў на дапрацоўку. Новы пратакол, складзены фактычна праз паўтара месяца пасля мяркуемага парушэння закона, Аляксандр Мілінкевіч не прызнаў, і пазначыў, што ён складзены незаконна і з мэтай пакараць яго. Нягледзячы на гэта, суд прыняў рашэнне прызнаць Мілінкевіча вінаватым у наўмысным перасячэнні мяжы.

Нагадаем, што лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл 26‑29 лістапада 2006 году знаходзіўся з візітам Рызе, дзе прымаў удзел у саміце НАТА. Падчас вылету з Мінска памежнікі памылкова паставілі штамп у пашпарт сына, таксама Аляксандра. Заўважана гэта было толькі тады, калі палітык вяртаўся назад. Тады памежнікі і абвінавацілі Аляксандра Мілінкевіча ў наўмысным перасячэнні мяжы па несапраўдных дакументах.

Аляксандр Мілінкевіч мае намер падаць скаргу на рашэнне суда.

Паводле Milinkevich.org

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0