Наваполацкага арганізатара Народнага сходу Яўгена Парчынскага затрымалі без тлумачэньня прычынаў.
Міліцыянты сустрэлі спадара Парчынскага каля пад’езда і сказалі, што зь ім хочуць паразмаўляць у гарадзкім аддзеле міліцыі Наваполацку. Іншых прычынаў затрыманьня не патлумачылі, загадалі чакаць, пакуль прыйдзе начальства. Яшчэ — загадалі пакінуць у «дзяжурцы» мэгафон, прызначаны для вядзеньня сходу.
Аршанскія арганізатары Народнага сходу Мінай Карніенка і Мікалай Дзямідаў былі затрыманыя ў 12.15 на вуліцы Леніна, недалёка ад гарадзкога стадыёну, дзе заплянаваны Народны сход.

Абодвух прывезьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі — як патлумачылі міліцыянты, каб зрабіць асабісты догляд і «узяць тлумачэньні наконт зброі». Пра якую зброю вядзецца — затрыманыя нават ня ведаюць.

Затрыманы Віктар Калесьнік, арганізатар Народнага сходу ў Полацку, і Вячаслаў Бойка, які вёз на сход электрагенэратар.
Іх машынк спыніла ДАІ, супрацоўнікі заявілі, што машына, падобна, скрадзеная. Спадара Вячаслава завезьлі ў ДАІ, а Віктара Калесьніка павезьлі ў Наваполацак, у адзьдзел крымінальнага вышуку. Прычыфна — тое, што ўчора ён не зьявіўся на дактыляскапію. Актывіст гаворыць, што адбіткі ягонах пальцаў у міліцыі ёсьць ужо даўно — іх зьнялі падчас аднаго з ранейшых затрыманьняў.
Віцебскага актывіста Сяргея Каваленку забралі міліцыянты.
Зранку дахаты прыйшлі супрацоўнікі інспэкцыі па выкананьню пакараньняў і сказалі, што пакуль Сяргей мусіць пабыць пад аховай — бо ў Віцебску сёньня заплянаваная нейкая апазыцыйная акцыя, — паведаміла жонка актывіста Алена Каваленка.

Яна патлумачыла, што дачыненьня да арганізацыі Народнага сходу Сяргей Каваленка ня мае. Але яшчэ ня скончыўся тэрмін умоўнага пакараньня, прысуджанага за вывешваньне сьцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня 2010 году на плошчы Перамогі ў Віцебску. Верагодна, у міліцыі апасаюцца нейкіх падобных інцыдэнтаў.

А 12-й гадзіне на прыватнай аўтамашыне Ўладзімер Кацора, Васіль Палякоў і юрыст Леанід Судаленка выехалі з офісу АГП на вуліцы Палескай. Літаральна праз 200 мэтраў іх спынілі супрацоўнікі ДАІ і спэцназаўцы пад камандаваньнем маёра Алейнікава
. Ва Ўладзімера Кацоры забралі пасьведчаньне кіроўцы і загадалі ехаць у Цэнтральны РАУС. Машыну ўзялі ў аблогу міліцэйскія аўтамабілі.

Маёр Алейнік патлумачыў, што арганізатары сходу мусяць даць тлумачэньні наконт улётак пра Народны сход, распаўсюджаных на вуліцы Юбілейнай.

Супрацоўнікі ДАІ затрымалі на прыватнай аўтамашыне кіраўніка абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімера Сякерку.
Ён меўся прывезьці на Народны сход на вуліцу Юбілейную гукаўзмацняльную апаратуру. Аўтамашыну Сякеркі спынілі дзяржаўтаінспэктары на той падставе, што нібыта падобны легкавік «знаходзіцца ва ўгоне».
У Асіповічах затрыманы грамадзкі актывіст Ігар Сімбіроў. Ён знаходзіцца ў пастарунку чыгуначнага вакзалу райцэнтру.
Праз тэлефон ён паведаміў, што ў электрычкі ён зьбіраўся ў Менск. У ёй на яго напалі двое чалавек у цывільным. Зьбілі. Потым выцягнулі з электрычкі й зацягнулі ў пастарунак. Паводле Сімбірова затрыманьнем кіраваў падпалкоўнік Рогаль. Міліцыянты затрыманьне патлумачылі тым, што актывіст нібыта перавозіць незаконныя рэчавы. Зьбіраюцца праводзіць асабісты агляд.
У Слоніме суботу раніцай быў затрыманы Іван Шэга,
кіраўнік Слонімскай раённай арганізацыі партыі БНФ. Ён ехаў сваёй машынай у сталіцу на партыйны сойм. Яго затрымалі на дарозе міліцыянты, і цяпер ён знаходзіцца ў Карэлічах у РАУС.
На адзінаццаць гадзінаў раніцы ў Мастоўскі РАУС выкліканы для разьбіральніцтва Сяргей Трафімчык, грамадзкі актывіст зь Бярозаўкі.

Ён паведаміў па тэлефоне нашаму Радыё, што быў затрыманы ў Мастах учора, выпусьцілі яго ўвечары. Спачатку яго машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, сказалі, што патрэбна яе агледзець. Тлумачэньне: у вясковай цёткі штосьці скралі, таму машына пад падазрэньнем. Пазьней Сяргею Трафімчыку загадалі ехаць у РАУС, дзе пратрымалі некалькі гадзінаў. Па яго словах, у машыне была рэклямная прадукцыя радыё «Рацыя» і Белсату. Пакуль ідзе дазнаньненаконт «законнасьці друкаванай прадукцыі», паведаміў ён.

Журналіста Кастуся Шыталя будуць судзіць у Мёрах пасьля Народнага сходу.

Ён зьбіраўся напісаць матэрыял пра Народны сход у мястэчку Дзісна для сайту westki.info. Але ўвечары 7 кастрычніка ў дарозе яго затрымалі міліцыянты, і ў Мёрскім РАУС на хлопца склалі пратакол нібыта за нецэнзурную лаянку.

Першапачаткова міліцыянты казалі, што затрымліваюць Кастуся Шыталя па падазрэньні ў крадзяжы. Гэта хлопцу паведамілі, калі спынілі машыну, у якой ён ехаў у бок Мёраў «аўтаспынам». Яго нават былі павезьлі ў Шаркоўшчыну нібыта на апазнаньне да гаспадара скрадзеных рэчаў. Аднак потым міліцыянты перадумалі ды павезьлі Кастуся ў Мёры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?