У планах камуністычных правадыроў Расеі быў захоп Польшчы і пашырэнне рэвалюцыі далей на Захад. Польская армія пад кіраўніцтвам Юзафа Пілсудскага 15 жніўня, у дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, перамагла аднак аддзелы бальшавікоў і затрымала распаўсюджванне «чырвонай чумы».

У польскай гістарыяграфіі гэта падзея вядомая пад назвай «цуду над Віслай».

Фільм пра пачаткі польскай незалежнасці ў XX стагоддзі, пра элегантных, вытанчаных паняў і галантных афіцэраў. Ідэалізаваная Польшча, нацыянальная міфалогія якой, як і належыць, моцна знітавана з гісторыяй, з воінскай славай, дзе Варшаўская бітва грае зусім не апошнюю ролю.

Фільм падбудоўвае патрыятычныя пачуцці сучасных палякаў, узмацняе гонар за дзяржаву, за продкаў, якія ваявалі за незалежнасць, і павінен, напэўна, зацікавіць таксама беларусаў.
У фільме гучыць беларуская мова, што з’яўляецца рэдкасцю нават для беларускага кінематографа. Чырвонаармейцы на адным з пастояў гвалцяць мажную бялявую кабеціну, якая засталася ў маёнтку даглядаць худобу пасля ўцёкаў саміх паноў. Цікава, што гэтая кабеціна размаўляе на чысцюткай беларускай мове.
Калі чырвонаармейскі камандзір спытаў яе, ці можа яна распазнаць гвалціцеляў, яна шчыра і так па-свойску адказала: «Дзе ж тут цяпер пазнаць, калі спадніца была на галаву задзертая…»
Жанчына раскрывае дасканалыя маральныя якасці, калі з непакоем дадае, што «цяпер зганьбаваную ніхто замуж не возьме». У акторкі вельмі добрая фанетыка і дасканалая перадача «якання». Хоць згодна з логікай разгортвання падзей, акцыя павінна была адбывацца на Украіне і жанчына павінна была размаўляць па-ўкраінску, хочацца ўсё роўна сказаць вялікі дзякуй рэжысёру за беларускую мову. Пацешыў.
Прыемна было пачуць з вуснаў Пілсудскага пра планы ўтварэння ў межах Польшчы федэрацыі народаў, як гэта было ў даўняй Рэчы Паспалітай.
Пілсудскі — свой чалавек, з Віленшчыны родам, які сімпатызаваў беларускаму нацыянальнаму руху. Можа яшчэ і таму, што, паходзячы з культурнага памежжа, сам меў магчымасць слухаць працяжныя, сумныя беларускія песні і «простую» гаворку. На жаль, палітычная канцэпцыя Пілсудскага не вытрымала ціску іншых польскіх палітыкаў.

У фільме адзін з казацкіх атаманаў сказаў наступныя словы:

«Пакуль увесь лес не высеклі, ён можа адрасці…»
Пазітыўна. Пакуль нас цалкам не перабілі, мы будзем змагацца і верыць ў перамогу. Пакуль да рэшты не высечаныя гаі і дубравы беларускіх патрыётаў, што любяць сваю мову і гісторыю, датуль застаецца надзея на шумлівы малады беларускі лес.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?