Яраслаў Качынскі не ўмее прайграваць. Калі ў штабе партыі «Права і справядлівасць» з’явіліся першыя вынікі выбараў, Качынскі проста з’ехаў: да канца выбарчага вечара відэазапісы ягоных ранейшых выступаў круціліся на двух вялізных экранах. Амаль у кожным з выступаў гучалі фразы кшталту: «як сказаў Дональд «Нічога не магу» Туск…» ці «Калі вы паслухаеце Дональда «Не ведаю што рабіць» Туска…». Некаторыя прысутныя не могуць стрымаць слёзы.

Яшчэ днём, калі Качынскі прыехаў на выбарчы пункт, каб прагаласаваць, было бачна, што ён зразумеў, што не стане прэм’ерам. Ён амаль не размаўляў з журналістамі, толькі ўдакладніў, што верыць у перамогу, калі атрымаецца мабілізаваць на выбары ўвесь патэнцыйны электарат «ПіС».

«Туск ці Качынскі. Ты выберыш прэм’ера» — такі білборд вісеў на варшаўскіх дахах. Усе афішныя тумбы былі заклееныя фатаздымкамі кандыдатаў пяці асноўных партый, а таксама самапальнымі заклікамі да байкоту выбараў і досыць злымі кпінамі ў адносінах да асноўных трох кандыдатаў — Дональда Туска, Яраслава Качынскага і Януша Палікота.

Прадказальная перамога «Грамадзянскай платформы»

На плошчы Каперніка стаяць людзі з агромністай чорнай расцяжкай «Міліцыя таксама была грамадзянскай». Вечар пятніцы — апошні дзень, калі можна было праводзіць агітацыю, і футбольныя фанаты, якія маюць зацяжны канфлікт з Тускам (дарэчы, вялікім аматарам футбола) карыстаюцца апошняй магчымасцю. Пасля вялікай фанацкай бойкі Туск на пэўны час забараніў фанатам уваход на стадыён, і матчы праходзілі пры пустых трыбунах. Пасля Туск шукаў кампраміс, аднак асабліва адданыя фанаты не могуць яго прабачыць да гэтага часу.

Дональд Туск, які абяцаў Беларусі $9 мільярдаў пры ўмове дэмакратычных рэформаў, адказваючы на пытанне беларускіх журналістаў, сказаў, што сума можа быць і павялічана. Віцэ-спікер «ПіС» Марэк Кухцінскі ў адказ звыкла «прайшоўся» па Туску, сказаўшы, што такі падыход не дасць ніякіх вынікаў — усе грошы пойдуць на падаўленне апазіцыі, таму, калі і выдаваць грошы, то толькі наўпрост незалежным арганізацыям.

Беларускае пытанне на ўзроўні выбараў у сейм не ўзнікае — крызіс, пра які актыўна пішуць польскія газеты, астаецца найважнейшай праблемай. І насельніцтва збольшага верыць, што Туск, які імкнецца да далейшай інтэграцыі з Еўропай, справіцца з ім лепей, чым Качынскі, які хоча максімальна адасобіцца ад уплыву суседзяў з Захаду і Усходу.

Футбольных фанатаў, дарэчы, «ПіС» падтрымлівае, але асаблівай цікавасці да іх праблем, паводле словаў палітолагаў, не мае.

Ля расцяжкі супраць Туска стаіць старэнькі дзядуля і пытаецца ў мінакоў, за каго яны будуць галасаваць. Сам кажа: «ПіС і толькі «ПіС». Чаму? «Бо нам трэба польскі ўрад, а наш прэзідэнт — рускі, а прэм’ер — немец».

Качынскі і немцы

Немцы — хворая тэма Качынскага і ягоных прыхільнікаў. Літаральна за пару дзён да выбараў рэйтынг Качынскага падае адразу на 10%. «Гэта было найлепшае інтэрв’ю пана Качынскага» — кажуць прыхільнікі «ГП». У кнізе кандыдата ёсць радок, у якім ён сумняецца, што прыход да ўлады Ангелы Меркель «быў простым збегам абставінаў». «Яна зразумела, пра што я кажу», — удакладніў Качынскі ў інтэрв’ю Newsweek. Само сабой прагучала слова «Штазі».

Пасля гэтай дзіўнай заявы, на якую адрэагавалі Гіда Вэстэрвэле, а таксама шэраг найвышэйшых польскіх чыноўнікаў, на шанцах Качынскага на перамогу адразу можна было ставіць крыж. Аднак, у адрозненне ад Дональда Туска, у Качынскага была праграма — «Грамадзянская платформа» не стала паказваць праграму, бо «яна не спадабаецца палякам». — Гэта ўсё робіцца для таго, каб адцягнуць увагу ад сапраўдных праблем, — кажа адзін з кандыдатаў ад «Левых дэмакратаў» Пётр Гадзіноўскі. — Адзін з фанатамі ваюе, іншы з немцамі. А злоты тым часам падае, і эканамічны крызіс хутка ўсіх перадушыць.

Левыя дэмакраты шансаў на вялікую колькасць пасадаў у сейме не маюць — лідар Гжэгаж Наперальскі, па ўласных словах, «дрэнна ўмее адказваць на пытанні». Астатнія праводзяць агітацыю як могуць — той самы Гадзіноўскі друкуе найтаннейшыя ўлёткі сатырычнага кшталту і раздае прэзерватывы «супраць правых» па клубах і кавярнях.

Улады Польшчы лічаць, што агітацыя пры дапамозе білбордаў — гэта няслушныя выдаткі дзяржаўных сродкаў (урад дапамагае кандыдатам фінансава), аднак прадстаўнікі партый праз Канстытуцыйны суд вярнулі сабе магчымасць рэкламавацца такім чынам. Адзіны, бадай, кандыдат у прэм’еры, які можа сам сябе гучна прарэкламаваць, гэта «польскі Жырыноўскі» — Януш Палікот.

Жырыноўскі ўльтраліберальнага тыпу

Бізнэсоўца Януш Палікот нават не хавае, што для яго палітыка — гэта чарговы бізнэс-праект. Адкалоўшыся ад «Грамадзянскай платформы», Палікот заснаваў партыю «Рух Палікота», і з тых часоў яшчэ актыўней эпатуе публіку. Ён прадаваў з аўкцыёна свой дэпутацкі мандат і фатаграфаваўся ў вобразе Месіі.

Галоўная задача Палікота — «развесці ў розныя куты» царкву і ўладу, легалізаваць лёгкія наркотыкі і вырашыць праблему з абортамі. Аднак палітычна Палікот не ўяўляе з сябе паўнавартаснага кандыдата на пасаду прэм’ера — яго падтрымлівае ля дзесяці працэнтаў насельніцтва, у асноўным моладзь, якая захапляецца ўменнем пана Януша ствараць скандалы.

Хутчэй за ўсё, пасля выбараў Палікот і Туск створаць кааліцыю, каб «Платформа» магла стаць партыяй большасці. Менавіта гэтага баіцца Качынскі: на варшаўскіх вуліцах можна убачыць плакат: «Туск=Палікот», што мусіць засцерагаць варшавянаў. «Палікота могуць падтрымліваць толькі ворагі Польшчы», кажа Качынскі.

Электарат Палікота таксама не можа растлумачыць, чаму галасуе менавіта за гэтага палітыка. Самы асэнсаваны адказ, які атрымалася пачуць карэспандэнту «НН» — «Бо Палікот паліць. Калі не мае сігарэты, паліць катоў». Прынамсі, гэта ў стылі пана Януша.

Выбары як свята

Аднак на фоне «амёбнасці» (як ахарактарызавалаі гэты стан палітолагі) «Грамадзянскай платформы» і абвастрэння радыкальнасці «ПіС», Палікот шмат для каго падаваўся глытком свежага паветра — людзі не ходзяць на выбары, бо там балатуюцца адныя і тыя партыі. Яўка 47,7% — гэта абсалютна нармальна і нават шмат.

«Яны ўсе абяцаюць знізіць падаткі, а пасля падвышаюць іх. Тут няма майго кандыдата. Туск за столькі гадоў не змог нічога, а Качынскі гэта ўвогуле мінулае стагоддзе» — кажуць мінакі, якіх карэспандэнт «НН» апытаў на вуліцы.

Праграма Туска накіравана на выхад з крызісу, таму не публікуецца. Качынскі адмаўляецца ад тэледэбатаў, і замест двух кандыдатаў на пасаду прэм’ера туды прыходзяць кіраўнікі штабоў — калі шчыра, нават адданейшыя прыхільнікі абодвух партый не вельмі разумелі, што ж гэта такое адбываецца.

Варшава рыхтавалася да выбараў, як да сапраўднага свята — было бачна, што пры сярэдняй цікавасці да выбараў і абсалютнай прадказальнасці вынікаў, нейкі агульны рух у грамадстве ёсць і такая важная падзея, як выбары прэм’ера — усё ж такі свята для палякаў. Цяпер жа ўвага варшавянаў паступова пераключыцца на другую «гарачую» тэму — фільм «Варшаўская бітва 1920», білборды з рэкламай якога можна ўбачыць паўсюль. Цяпер яны заменяць яшчэ і частку афіш ўжо былых кандыдатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?