Спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны ЕС і чые актывы на тэрыторыі Еўрасаюза павінны быць замарожаныя, папоўнілі яшчэ 16 прозвішчаў. Такое рашэнне прынята 10 кастрычніка ў Люксембургу Саветам ЕС, паведаміла Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

«Сітуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася досыць доўга, і міністры замежных спраў зноў заклікалі беларускія ўлады вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных», — падкрэсліла прэс-сакратар.

Абмежавальныя меры датычацца тых, хто, на думку міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза, адказны за «рэпрэсіі, якія працягваюцца ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і незалежных СМІ ў Беларусі», адзначаецца ў камюніке Савета ЕС.

Чакаецца, што рашэнне савета і імёны 16 беларускіх чыноўнікаў, якія папоўнілі спіс неўязных у ЕС, будуць апублікаваны 11 кастрычніка ў афіцыйным журнале Еўрасаюза.

Нагадаем, санкцыі ў дачыненні да беларускіх улад Савет ЕС увёў у студзені 2011 года ў адказ на жорсткі разгон дэманстрацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года ў Мінску. Цяпер у спісе чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, 192 прозвішчы.

21 верасня МЗС Літвы ініцыявала ўключэнне 18 беларускіх чыноўнікаў у спіс асоб, якім забаронены ўезд у Літву, і заклікала іншыя краіны Еўрасаюза ўключыць іх у свае нацыянальныя спісы неўязных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?