Надвор’е зьмяняецца. Цёплая зіма, ніякае лета… Падаецца, што на сьвеце засталіся толькі вясна і восень, якія бясконца цягнуцца, саступаючы адна адной.

Старая ў аўтобусе голасна тлумачыла нейкай цётцы пра глябальнае пацяпленьне. Ня людзі ды прамысловасьць вінаватыя ў тым, што зіма цёплая, проста нехта прыдумаў новую зброю, якой і кіруе надвор’ем. Добра абазнаная ў сакрэтных ведах, бабця настойліва запэўнівала, што летась новую зброю выкарысталі ля берагоў Азіі. Але не разьлічылі — у выніку жахлівая хваля змыла каля 300 тысяч чалавек. Зямля ж спыніла нават свой рух на колькі тысячных сэкунды. Бабця шчыра верыць, што прырода сама зьмяніцца ня можа — усё яе сьвядомае жыцьцё надвор’е «працавала» па завядзёнцы, бяз збояў і значных хібаў. Усе прызвычаіліся жыць ды карыстацца выгодамі цывілізацыі. Жыць як найлепш… Нават крыху радуемся той зьмене надвор’я, бо сталіся бліжэйшымі да Эўропы кліматычна. Дый за газ з нафтай менш заплацім, а ня як за маразамі…

Вінаватых мы заўсёды шукаем у нечым надзвычайным. Нечым найсакрэтным, нечым далёкім ад нас і нашага ладу жыцьця.

Зрэшты, што залежыць ад нас? Ці магу я стацца вінаватым у тым, што пацяплела на ўсёй плянэце? Ці нешта зьменіцца, калі я памыю машыну ля рэчкі, спалю на Купальле колькі гумовых колаў ці выкіну цэляфанавы пакет у лесе? У зьмене клімату мы вінавацім уральскія заводы, бразыльскія лесасекі й жыдамасонаў. Звальваем на нешта недасяжнае. Нават татальная мэліярацыя палескіх балотаў не падаецца гэткай ужо страшнай — даўно ж было. Чаму, нарэшце, зьмены прыроды мусяць хваляваць мяне. Хай пераймаюцца «зялёныя», дзяржава, ААН. Людзі за той нагляд атрымліваюць грошы. Гэта іхная праца. Хай лямантуюць, каб выратаваць плянэту.

Дзяржаўныя ж эколягі заплюшчваюць вочы на працу прадпрыемстваў, пішучы патрэбныя для іх статыстыкі, але не сапраўдныя лічбы шкодных выкідаў. Прадпрыемствы ж мусяць вырабляць прадукцыю, каб наша дзяржава мела патрэбныя лічбы ў сусьветных рэйтынгах.

А пакуль тое, замест калядных маразоў лье залева і злосна праносіцца па Эўропе ўраган.

Сапраўдная зброя, якой кіруюць надвор’ем, усё ж існуе. Мы ўсе выканаўчыя адзінкі той жахлівай зброі.

P.S. Лічыцца, што 2007 год будзе самым цёплым (сярэдняя тэмпэратура +14,56°С) за ўсю гісторыю назіраньня за надвор’ем. Дасюль самым сьпякотным на плянэце лічыўся 1998 год (+14,52°С). Нормай у 1960 — 1990 г. была +14°С. Крыху болей за палову градуса, дробязь.

Фота з сайту Времена года

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?