11.10.2011 / 12:13

У Мінску здымаецца першы моладзевы серыял з беларускай мовай 7

У ролях — рэпер Вінсэнт, вядучы Булка, плыўчыха Герасіменя. Сцэнарыст — Курэйчык.

Сёння ў Мінску пачаліся здымкі моладзевага серыяла пра беларускую музыку, краіну і СНІД. У іх возьмуць удзел вядомыя музыкі, акторы і спартоўцы, у тым ліку рэпер Вінсэнт, лідар «J: Морс» Уладзімір Пугач, шоумэн Яўген Булка, знакамітыя спартсменкі Аляксандра Герасіменя і Дар’я Домрачава.

8-серыйны фільм «Вышэй за неба», які здымаюць у Мінску на грант Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй ААН, мусіць, як мяркуюць аўтары, стаць культавым сярод пакалення Y. У якасці дадатковай фішкі серыяла аўтары выкарыстаюць двухмоўе герояў: размаўляць у фільме будуць як па-беларуску, так і па-расійску.

За два месяцы да пачатку здымак арганізатары, сярод якіх драматург і крэатыўны прадусар стужкі Андрэй Курэйчык, ён жа сцэнарыст, правялі кастынг ахвотных узяць удзел у кінапрацэсе.

Такіх знайшлося каля 1,5 тысячы прафесійных і не надта актораў, таму адбор выклікаў пэўныя цяжкасці, і пачатак здымак адклалі.

Сёння ж у Мінску ля офіса арганізацыі, што займаецца барацьбой за СНІДам, распачаліся непасрэдныя здымкі «Вышэй за неба». У першы дзень у іх бяруць удзел, як піша БелТА, «папулярныя ў моладзевым асяродку» рэпер Вінсэнт, шоумэн Булка і спявак Пугач.

Як паведамлялася раней, у серыяле будуць граць таксама вядомыя спартсменкі: плыўчыха Аляксандра Герасіменя, біятланістка Дар’я Домрачава і гімнастка Мяліта Станюта. Зрэшты, апошняя чуткі пра свой удзел не пацвердзіла: яе трэнер Ірына Ляпарская заявіла «Спартовай панараме», што да сканчэння кар’еры Станюта «не будзе здымацца ні ў якім фільме без згоды галоўнага трэнера».

А вось Аляксандра Герасіменя ўжо адкрыта кажа пра свой удзел. Паводле яе словаў, плыўчыха грае «ролю сяброўкі галоўнай гераіні, якая ставіць яе на праўдзівы шлях.

«Іграю саму сябе — плыўчыху Аляксандру Герасіменю. Шчыра кажучы, да гэтага часу не прачытала сцэнар. Праз затрымкі пакуль усё адкладаецца», — сказала пераможца апошняга чэмпіянату свету за некалькі дзён да пачатку здымак.

Пра што фільм

Аўтары так падаюць сюжэт «Вышэй за неба»:

«Галоўны герой — лідар моднага гурта Мікіта Міцкевіч. Мікіта харызматычны, разумны, жыве паводле сваіх прынцыпаў і не гатовы імі ахвяраваць дзеля грошай. Ён смелы і стылёвы — сапраўдная ікона для дзяўчатак і ўзор для хлопцаў.

Мікіта атрымлівае задавальненне ад свайго жыцця і ведае, што гэты свет выдатны. Мікіта змагаецца за лідарства з вакалістам яго гурта Стасікам, які ўявіў сябе „зоркай“. Гурт болей на баку Мікіты. Але тут адбываецца падзея, якая пераварочвае ўсё ягонае жыццё».

Героі серыяла будуць размаўляць і па-беларуску, і па-расійску. Паводле словаў аўтараў, такі прыём «упершыню выкарыстаны» ў серыяле, каб максімальна наблізіць фільм да беларускіх рэалій.

Прэм’ера серыяла адбудзецца 14 лютага 2012.

0
Yura / Адказаць
11.10.2011 / 13:21
Приглашать на съемки белорусских знаменитостей - очень большая серьезная ошибка. Ничего хорошего не получится.
0
Ой, дзевачкі, как інцярэсна / Адказаць
11.10.2011 / 13:38
Ён смелы і стылёвы — сапраўдная ікона для дзяўчатак і ўзор для хлопцаў. Яво Булка будзе ізабражаць?
0
тренер / Адказаць
11.10.2011 / 13:54
Ну вот Домрачеву зря взяли...Потом опять стрелять по чужим мишеням будет...
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру