Адміністрацыя шклоўскай калоніі перашкаджае Статкевічу ў рэгістрацыі шлюбу, паведаміла яго грамадзянская жонка Марына Адамовіч. Яна пераканана, што адпаведныя ўстаноўкі кіраўніцтву калоніі паступаюць з Мінска.

«Заява, якую мы падалі на рэгістрацыю шлюбу чатыры месяцы таму, знікла», — заявіла БелаПАН Адамовіч. Паводле яе слоў, абавязкам начальніка шклоўскай калоніі Сяргея Ермаліцкага было ўсяго толькі засведчыць подпіс Статкевіча на заяве і перадаць яе Адамовіч для далейшай падачы ў загс.

«Тры або чатыры разы Мікалай падаваў заяву ў адміністрацыю, але яе вярталі пад рознымі маркамі. А потым яна наогул знікла. Мае спробы яе знайсці ў нетрах шклоўскай калоніі заканчваюцца заўсёды аднолькава», — сцвярджае Адамовіч, адзначаючы, што шлюбы ў калоніі рэгіструюцца рэгулярна і праблем з гэтым не ўзнікае.

«Яны не хочуць, каб ён са мной кантактаваў, каб у нас было хоць нейкае спатканне», — лічыць грамадзянскай жонка палітыка.

Марына Адамовіч дапускае, што Статкевіч самастойна адмовіўся пісаць лісты родным і блізкім, але гэта адбылося па віне адміністрацыі. «Калі твае лісты зачытваюць перад атрадам і яны разбіраюцца, то, я мяркую, гэта ініцыявана адміністрацыяй, каб аказаць націск на Мікалая праз іншых зняволеных», — сказала яна.

Адамовіч таксама паведаміла, што ў атраднай зоне, дзе знаходзіцца палітык, спілавалі спартыўны турнік, каб зняволеныя не маглі займацца фізкультурай і звязвалі такія нязручнасці са Статкевічам.

Марына Адамовіч заявіла, што з задавальненнем успрыняла паведамленне аб ўнясенні начальнікаў шклоўскай і горацкай калоній Сяргея Ермаліцкага і Аляксандра Кавалёва ў спіс неўязных у краіны Еўрасаюза. «Некаторае маральнае задавальненне, як гэта ні па-хрысціянску, я адчуваю», — сказала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?