У той час, як сотні аналітыкаў разбіраюць расейска-беларускія адносіны, а тэлевядучыя ўжо стаміліся апраўдвацца і запісваюцца ў чэргі на курсы гіпнозу, мне ўспамінаецца стары савецкі мульцік «Лятучы карабель», які ўжо можна лічыць палітычным. Памятаеце, калі цар «падвіс» на караблі, яго прагматычны «верны сябар» Палкан падышоў з працоўнай прапановай: «Я табе драбіну, а ты мне карону!» «Ты што, Палкан!» «Ну, як хош…» — Палкан махае рукой і робіць выгляд, што сыходзіць. «Э-э-э… давай!» — цар кідае карону, горка плача… Аднак размова зараз не пра мультфільмы, а пра сапраўднае сяброўства.

Ну растлумачце мне:

за што мы так не любім гэтую шостую частку сушы, усе гэтыя бярозкі, хахламу, аляксандраў неўскіх-суворавых, дзмітрыяў данскіх-мядзведзевых, «Фабрыку зорак-13»?..
Калісьці Чэрчыль заўважыў: «У Вялікабрытаніі няма антысемітызму таму, што ангельцы маюць дастаткова самапавагі». Згодна з гэтым выслоўем, немцы ў той час не мелі дастаткова самапавагі, але мелі дастаткова дывізіяў. Мы не маем ні таго, ні другога і ад гэтага толькі больш злуемся на нашых заўжды старэйшых «братоў меншых».
Хто вінаваты ў тым, што развальваецца палац Сапегаў у Ружанах? Маскалі. Чаму нехта справіў патрэбу ў кабіне ліфту? Таму што падзелы Рэчы Паспалітай, русіфікацыя, а пасля яшчэ 70 год бальшавізму. А з-за чаго дзяўчына пайшла не са мной, а з курсантам школы міліцыі? Ну, вы здагадаліся. Таму што Мураўёў-вешальнік, Чарнамырдзін…

І быццам усё правільна, і дачапіцца няма да чаго, але чаму калі ідзе дождж і цяжкавата на душы, мы ўсё адно адчыняем лядоўню і дастаем тоўсты кавалак торта (гэта з нашым здароўем!), а мажліва бярэм томік Караткевіча і сядаем з ім у крэсла, ну, ці заходзім на старонку «Хартыі» ўрэшце. …А гэтым часам курсант міліцыі гуляе з ТОЙ дзяўчынай, палац Сапегаў працягвае развальвацца, а дождж усё ідзе, ідзе, ідзе… яму ўсё адно. А насамрэч мы не маем права ні на Караткевіча (яго героі жылі па-іншаму), ні на электрычнасць да лядоўні (яна расейская), ні на дождж (гэта занадта высокамастацкая з’ява), а маем хіба толькі на кавалак пірага, але не пераймайцеся: гэта толькі да часу…

Пагадзіцеся,

устойлівая схільнасць перакладаць свае праблемы на іншых, зайздросціць ім і ў той жа час нахабна пасмейвацца з-за кута — не найлепшая з нашых якасцяў.
Гэта быццам і не мы, гэта не пра нас, нехта хоча, каб мы былі такімі… Ніхто не хоча. Мы самі лянуемся быць іншымі.

Я люблю рускіх. Дыск з апошнім альбомам Шаўчука чэкісты вынеслі з кватэры разам з сістэмным блокам яшчэ ў студзені (а мне яго так не хапала!)… Люблю Даўлатава, бо яшчэ ніводзін беларускі пісьменнік не параўноўваў тараканаў з гоначнымі аўто і не займаўся боксам на прафесійнай аснове. Люблю Пашу Грачова і непераможную расейскую армію, дзе навабранцы харчуюцца кансервамі для сабак, а афіцэры паспяхова вядуць падрыўную дзейнасць на карысць КНР і НАТО, самі аб гэтым не ведаючы, бо… ну, хоць нехта ж мае іх любіць!..

Адзін з актывістаў РАФ, баявой крайне левай арганізацый у Заходняй Нямеччыне, па прашэсці гадоў заўважыў, што ў пэўны момант ступень мізантропіі сярод чальцоў групоўкі дасягнула таго градусу, пасля якога ўжо нельга было казаць аб «дзейнасці ад імя працоўнага народу Нямеччыны». «Фракцыя Чырвонай Арміі» апынулася сектай ідэалістаў… А мы? Для каго мы працуем і размаўляем на самай мілагучнай і пявучай?

Ці ведаем мы наогул свой народ і што можам прапанаваць акром філалагічных эксперыментаў, вершаў, смешных «жорсткіх рэзалюцыяў»? У чым можам падаць прыклад?
А вось рускія могуць: бяздарнымі, але гераічнымі вайсковымі кампаніямі, скандаламі, блататой…
А мы застаёмся ў сітуацыі стэрыльных школьных настаўнікаў, якія хочуць вучыць дзяцей галоўным рэчам у жыцці, а самі пры гэтым не ведаюць, чым жывуць гэтыя дзеці на перапынках і па-за школьнымі мурамі.
У настаўніцкай мы скардзімся на непаслухмяны клас і не забываем адзначыць, што іншым настаўнікам з класамі пашчасціла значна больш. Урэшце мы зрываемся, пагражаем самі сабе і ўсім вакол сысці з гэтага «дурдому», але «невядома чаму» застаемся «яшчэ на адзін год»…

Канечне, дарагі мой дружа,

мы яшчэ падорым мэру Масквы конны помнік гетману Хадкевічу, а ягонаму піцерскаму калегу — помнік Скарыны з АК наперавес, а на гадавіну Чарнобыльскай катастрофы падгонім на Красную плошчу фуру выкарыстаных пры ліквідацыі касцюмаў хімабароны. А пакуль — узлюбі рускага: на вуліцы каля гастранома, у нумары «Аншлагу» на канале, у самім сабе…

Памятаеце, чым скончыўся той мульцік, пра «Лятучы Карабель»? Не цар і не Палкан, а нейкі зух звёў карабель разам з Забавай. Дык вось, мне вельмі хацелася б, каб гэты хлапец усё ж такі БЫЎ БЕЛАРУСАМ.

    • Алесь Кіркевіч,

    Мінск, эсэ напісана ў часе сядзення ў СІЗА-1 «Валадарка», даслана пасля выхаду з турмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?