Лідэр Аб’яднаных дэмакратычных сілаў заявіў у пятніцу, што ён “вельмі шкадуе” пра рашэньне Сойму Партыі БНФ адмовіцца ад супрацы.
"Заяву Сойму Партыі БНФ пра пераход да самастойнае працы я лічу памылковым крокам. Кіраўніцтва партыі заняло няправільную пазыцыю - і ў пераходзе да ратацыйнага прынцыпу кіраваньня дэмакратычнымі сіламі, і ў дыстанцыяваньні ад працы ў адзіным штабе, — заявіў А. Мілінкевіч. — Да таго ж цэнтральнае кіраўніцтва партыі адштурхоўвае рэгіянальныя арганізацыі. У рэгіёнах — я іх аб’ехаў у часе мясцовых выбараў — людзі ня толькі з Партыі БНФ, але і з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў казалі, што мусова захаваць еднасьць і каардынацыю дзеяньня. Сваёй заявай цэнтральнае кіраўніцтва іх адштурхоўвае. Ратацыйны прынцып кіраваньня апазыцыяй нерэальны. Калі б у нас была дэмакратыя, я ня меў бы нічога супраць такога прынцыпу. Але мы жывём ва ўмовах дыктатуры. А дыктатуру без адзінага лідэра яшчэ ніхто не перамагаў. Няважна, хто стаў бы лідэрам: Мілінкевіч, Вячорка, Лябедзька, Калякін або хтосьці іншы. Галоўнае, каб гэта быў адзін чалавек, адна фігура. Пераход да ратацыйнага прынцыпу кіраваньня Дэмакратычнымі сіламі зноў размые апазыцыю".
Камэнтар Барыса Тумара -- чытайце тут.