Новае табло ў Лядовым палацы Гродна. Фота Palami.eu.

Новае табло ў Лядовым палацы Гродна. Фота Palami.eu.

У лядовым палацы Гродзенскага цэнтра алімпійскага рэзерву па хакеі з шайбай усталявалі новае табло. Каштавала яно 900 мільёнаў рублёў. Як паведамілі карэспандэнту «НН» у адміністрацыі цэнтра, грошы даў абласны бюджэт. У тэндары бралі ўдзел чатыры арганізацыі. Выйграла яго мінская кампанія «Паламі», якая ўсталёўвала табло і на «Мінск-Арэне». Гэтая ж кампанія раней афармляла ў Гродне спартыўны комплекс «Нёман». У адміністрацыі лядовага палаца патлумачылі перамогу «Паламі» тым, што кампанія прапанавала найлепшую цану і аптымальныя варыянт і тэрмін выканання працы.

Новае табло ўяўляе сабой чатыры святлодыёдныя экраны, якія дазваляюць дэманстраваць відэа.

Кампанія «Паламі» заснаваная ў 1992 годзе. Займаецца вырабам, пастаўкай, мантажом і абслугоўваннем абсталявання для вонкавай рэкламы, афармлення канцэртных і спартыўных пляцовак. Сярод кліентаў кампаніі — Кіраўніцтва справаў прэзідэнта, Мінгарвыканкам, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Беларуская чыгунка, Белдзяржфілармонія, Федэрацыя хакея... «Паламі» афармляла сцэну на Славянскім базары, дзіцячым «Еўрабачанні».

***

На што б вы патрацілі 900 000 000 бюджэтных рублёў?

Ірына Шлык, выкладчыца Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта: «Дзірак» шмат — і дарогі, па якіх ні прайсці ні праехаць, і медыцына. Але, як філолаг, я ў першую чаргу выдаткавала б такую суму на музеі Быкава і Багдановіча.

Сяргей Чабоцька, стваральнік і адміністратар блогу s13: Частку грошай можна было б аддаць у дзіцячыя дамы рэгіёна. Таксама на вырашэнне транспартных праблем, напрыклад, для арганізацыі «зялёнай хвалі» на ўчастках, дзе часцей за ўсё ўтвараюцца заторы. На такую суму можна было б таксама адрэстаўраваць штосьці з архітэктуры.

Кацярына Межавец, жыхарка Гродна: На маю думку, у першую чаргу трэба было б патраціцца на азеляненне горада. Бо дрэў пілуюць шмат, а аднаўляць знішчанае не паспяваюць.

Віктар Шалкевіч, спявак і актор: Гэта несур’ёзныя для горада грошы. Што на такую суму зробіш? Я б сабраў усіх гарадскіх жабракоў і накрыў бы для іх стол.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?