22 студзеня ўлады Паўночнай Карэі забаранілі выкарыстаньне даляраў, эўраў, енаў і любой іншай замежнай валюты ў крамах і гандлёвых угодах.

Найверагодней, гэтыя захады ўжытыя кіраўніцтвам КНДР з мэтай узяць пад свой кантроль сродкі ў замежнай валюце, якія ёсьць у грамадзянаў на руках. Мяркуецца, што на гэты крок паўночнакарэйскія ўлады пайшлі з-за фінансавых санкцый з боку ЗША.

Калі раней цэны ў сталіцы КНДР Пхеньяне нярэдка пазначаліся ў далярах, то цяпер карэйцам давядзецца прымусова мяняць валюту на купоны ў спэцыяльным пункце. Купоны даюць права набываць тыя ці іншыя тавары, — паведамляе інфармацыйная агенцыя «РИА-Новости» з спасылкай на газэту The Dong-a Ilbo.

У той жа час амэрыканскія ўлады забаранілі экспартаваць у Паўночную Карэю лічбавыя плэеры iPod, спартовыя аўтамабілі, водныя скутэры, ювэлірныя вырабы, дызайнэрскую вопратку і каньяк, які, паводле чутак, надта любіць лідэр КНДР Кім Чэн Ір.

Гэтыя захады былі ўжытыя ў якасьці пакараньня за леташнія выпрабаваньні ядравай зброі і згодна з забаронай ААН на продаж Паўночнай Карэі прадметаў раскошы.

Абвешчаная Вашынгтонам забарона, паводле словаў прадстаўніка міністэрства гандлю ЗША Рычарда Мілса, «дакладна вывераная» — дзеля таго, каб ейнай мэтай сталася толькі паўночнакарэйская эліта, якая купаецца ў раскошы ў той час, калі астатняе насельніцтва краіны жыве ў адчайнай галечы, — паведамляе Бі-Бі-Сі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0