Расея мае намер пракласьці новы маршрут транспартаваньня нафты ў Эўропу міма Беларусі. Канфлікт з Аляксандрам Лукашэнкам вымушае Маскву шукаць альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі сыравіны. У прыватнасьці, Транснафта прапануе ўраду пабудаваць трубу ў абыход Беларусі.

Згодна з папярэднімі плянамі расейскай трубаправоднай манаполіі, нафтаправод можа прайсьці па маршруце Унеча — Вялікія Лукі — Прыморск. Магутнасьць трубы складзе 50 млн. тонаў за год.

Віцэ-прэзыдэнт Транснафты Сяргей Грыгор’еў заўважае, што пакуль пра канкрэтны праект казаць заўчасна. «Быў прапанаваны комплекс мерапрыемстваў , неабходны для таго, каб падобная сытуацыя ня склалася зноў. Дакумэнты адправілі ва ўрад. Цяпер чакаем дазволу».

Паводле словаў спадара Грыгор’ева, у прапанове, адпраўленай ва ўрад, не было канкрэтных праектаў. «Ёсьць плян мерапрыемстваў, але якімі праектамі ён будзе ўвасабляцца, невядома. Будзем гаварыць пасьля разгляду гэтага пытаньня».

Крыніца «Інтэрфаксу» ў міністэрстве прамысловасьці й энэргетыкі Расеі кажа, што «цяпер у ведамстве разглядаецца пытаньне пра мэтазгоднасьць рэалізацыі гэтага праекту». Прадстаўнік мінпрамэнэрга цьвердзіць, што новая магістраль працягласьцю каля 1 тысячы кілямэтраў, у выпадку, калі яе пабудуюць, ліквідуе транзытныя рызыкі для паставак нафты ў Нямеччыну і Польшчу.

Актуальнасьць трубаправоду ў абыход Беларусі ўзрасла для расейцаў на тле крызы ў стасунках між Масквой і Менскам. Альтэрнатыўны маршрут транспартаваньня сыравіны паступіў у профільныя ведамствы Расеі яшчэ да падпісаньня пагадненьня паміж урадамі Беларусі й Расеі пра ўмовы паставак нафты й экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых на беларускіх НПЗ. Новае абвастрэньне беларуска-расейскіх стасункаў зноў робіць праект Транснафты актуальным.

Але, паводле словаў аналітыка кампаніі Advanced Research Міхаіла Бакулева, цяпер Транснафце не па кішэні будаўніцтва яшчэ аднаго нафтаправоду: «Самастойна кампанія не адужае яшчэ адзін праект, цяпер усе сілы кінутыя на Ўсходні нафтаправод».

«Расея спрабуе дамовіцца зь Беларусьсю штогод, і штогод узьнікаюць складанасьці, — кажа аналітык МДМ-Банку Андрэй Грамадзін. — Калі рызыкі супрацоўніцтва выявяцца высокімі — будаўніцтва апраўданае, калі не, то й сэнсу ў ім ня будзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?