27.01.2007 / 23:04

Як "нячэсных" да Лукашэнкі запрасілі Кропкі над "і" 7

"Задавайце любыя пытаньні — пра жонку, каханак, пра ролікі", — прапанаваў гаспадар рэзыдэнцыі. Уражаньнямі дзеліцца ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

У Сеціве працягваюць абмяркоўваць Лукашэнкава інтэрвію газэце "Вэльт". Бэсьцяць суразмоўцу, немца Рара: маўляў, пазьбягаў вострых пытаньняў і ўсё такое.

Я ж згадаў, як, мусіць, першы і апошні раз афіцыйны кіраўнік рызыкнуў запрасіць у сваю рэзыдэнцыю групу прадстаўнікоў айчыннай незалежнай прэсы. Трапіў туды і аўтар гэтых радкоў.

Гэта было перад чарговымі выбарамі. Улада вырашыла бліснуць адкрытасьцю.

8 жніўня 2001 году. Загадана прыйсьці ў рэзыдэнцыю на Карла Маркса гадзіны за дзьве да пачатку. Прасторнае фае нагадала залу чаканьня аэрапорту. Правяраюць гэтак сама. Давялося прайсьці праз мэталяшукальнік і нават дастаць акумулятары з дыктафона. "Добра, бачу, што не патроны", — вярнуў "пальчыкі" службовец. Я зразумеў: гэта такі гумар.

А вось на самой прэсавай канфэрэнцыі быў разгул лібэралізму. "Задавайце любыя пытаньні — пра жонку, каханак, пра ролікі", — зрабіў шырокі жэст гаспадар.

Пра што, магчыма, потым пашкадаваў.

Напачатку ўсё ішло гладка. Пэўна ж мелася нейкая рэжысура. Вакол велізарнага круглага стала (таго самага, што часта паказваюць у афіцыйных тэлерэпартажах) сядзелі ўперэмешку "чэсныя" і "нячэсныя". Прадстаўніца дзяржаўнай тэлевізіі, першай атрымаўшы слова, згадала пра сёмую цягам году сустрэчу беларускага і расейскага прэзыдэнтаў, што незадоўга да таго адбылася ў Сочы.

Пытаньне выглядала, кажучы хакейнай мовай, як пас на сподачку. Перад выбарамі надта дарэчы было давесьці электарату, што Крэмль падтрымлівае дзейнага кіраўніка.

Лукашэнка падкрэсьліў: "Акрамя рашэньня дзяржаўных спраў, мы з Уладзімерам Уладзімеравічам проста маем добрыя стасункі, і вельмі даўно, яшчэ зь Піцеру, калі ён працаваў з Анатолем Сабчаком. У свой час я прыязджаў на запрашэньне Анатоля Аляксандравіча ў Піцер, і Ўладзімер Уладзімеравіч сустракаў і суправаджаў там". (То бок — быў на пабягушках. Тонка пададзена!)

Самай жа пікантнай на сёньняшні дзень выглядае заява Лукашэнкі пра тое, што ў Сочы ён з Пуціным вырашаў пытаньні энэргетычнае бясьпекі. Маўляў, калі раскруцім сумесныя праекты, дык пашэнціць забясьпечыць "бязьбеднае існаваньне" нават "дзецям і ўнукам":)

Добрыя былі пляны. Толькі вось зараз урадоўцы зь Мясьніковічам мусяць ліхаманкава перапісваць канцэпцыю той самай энэргетычнае бясьпекі...

Зрэшты, ня будзем аб сумным.

Вось на той прэсавай канфэрэнцыі ніхто не засумаваў:) Калі прэзыдэнцкае атачэньне і мела які які сцэнар, дык ад яго каменя на камені не пакінулі дзьве пасыянарныя прадстаўніцы незалежнай журналістыкі — Ірына Халіп ды Марына Коктыш.

На гэтым тле тыя два пытаньні, што мне пашэнціла ўклінаваць, — чаму не запрашаюць назіральнікаў АБСЭ і чаму так абмежаваны доступ апанэнтаў да мэдыяў? — падаваліся, лічы, бяскрыўднымі. Заўважце: і тады Лукашэнка даводзіў, што неўзабаве наладзіць стасункі з Захадам.

Так што Рар нічога новага не пачуў.

Вось тут вы знойдзеце пару матэрыялаў з тае сустрэчы. Нават ад прычасанай стэнаграмы "СБ" патыхае лютасьцю палемічнага бою. Ня кажучы ўжо пра публікацыю самой Халіп.

А вось тут — таксама даволі смачны кавалак з "БелГазеты".

Цяпер гэта здаецца фантасмагорыяй: няўжо на Карла Маркса, 38 маглі гучаць такія, мякка кажучы, нязручныя для гаспадара пытаньні? Пра карупцыю ў высокіх структурах, мэдычную экспэртызу і нават пра зьніклых.

Карацей, болей нас туды ня клікалі.

Можа, Аляксандар Рар проста ўлічыў гэты досьвед? :)

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Ночной дозор / Адказаць
27.01.2007 / 23:59
Каждому Александру - свой Александр.
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ to Ночной дозор / Адказаць
28.01.2007 / 00:09
Афарыстычна! Рэспэкт :)
0
Scaner / Адказаць
28.01.2007 / 22:18
Калі паглядзець на два суседніх фота прэзідэнта-то здаецца ,што такія, як тады (у 2001), пытанні ён ужо не вытрымаў бы. Зараз яго здаецца толькі два пытанні цікавяць - хто вінават і што рабіць.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру