28.01.2007 / 13:08

Знак бяды пад покрывам нябёсаў Тэлевізія, 28 студзеня 2007, нядзеля

Кінастужкі “Знак бяды”, “Наш бронецягнік”, “Пад покрывам нябёсаў”, “Практычная магія” і “Замак”

Знак бяды

Наш бронецягнік

Практычная магія

Пад покрывам нябёсаў Увага – шэдэўр!

Замак

posterЗнак бяды

Беларусь, 1986, каляровы, 151 хв

Рэжысэр: Міхаіл Пташук

Жанр: Трагедыя паводле аднайменнай аповесьці Васіля Быкава

Ролі выконваюць: Ніна Русланава, Генадзь Гарбук, Віталь Быкаў, Уладзімер Гасьцюхін, Аляксей Зайцаў, Уладзімер Ільін, Яўген Платохін

Адзнака: 5,5 (з 10)

Экранізацыя “Знаку бяды” лічыцца адным зь лепшых фільмаў Міхаіла Пташука – і някепскім увасабленьнем быкаўскай прозы. Рэжысэр Пташук пайшоў шляхам падкрэсьліваньня, вонкавага ўзмацненьня аскетычных канфліктаў і жэстаў.

Сьцепаніда – у выкананьні Ніны Русланавай – занадта валявая, просталінейная, энэргічная. Ейнае акторскае майстэрства адзначанае дзяржаўнай прэміяй Беларусі дый расейскім прызам “Ніка”. Але ў празьмерным імпэце губляюцца нацыянальныя рысы.

Другаплянныя пэрсанажы – Каландзёнак і Гуж (Платохін і Ільін) – сталіся амаль гратэскнымі, што запамінаецца – але выбіваецца з гэнай быкаўскай аповесьці.

Найболей удалы вобраз створаны Генадзем Гарбуком. Ягоны Пятрок – рахмана-роспачны, з пранізьлівымі вачыма пакутніка – і з адчайным паўстаньнем. Кадры апэратаркі Тацяны Логінавай таксама ўзмацняюць патас.

Карціна зь цяжкасьцю пабачыла сьвет: баяліся сцэнаў раскулачваньня. Але сёньня крамольныя эпізоды зьдзіўленьня не выклікаюць.

І хаця фільм ёсьць толькі подступам да быкаўскае трагедыі – экранізацыя мае свае дасягненьні.

posterНаш бронецягнік

Беларусь, 1988, каляровы, 150 хв

Рэжысэр: Міхаіл Пташук

Жанр: Кінааповесьць

Ролі выконваюць: Уладзімер Гасьцюхін, Міхаіл Ульянаў, Аляксей Пятрэнка, Аляксандар Філіпенка, Леанід Невядомскі, Натальля Папова, Валер Прыемыхаў, Алена Сьмірнова, Андрэй Бубашкін

Адзнака: 5 (з 10)

Травень 1966 года. Колішні лягерны ахоўнік Мікалай Кузьняцоў выпадкова сустракаецца са сваім былым вязьнем. Пасьля канфлікту з сынам, які даведваецца пра мінулае бацькі, Кузьняцоў шукае старых “калегаў”, каб знайсьці апраўданьне. Героі перабудовачнае карціны – “сталінскія сокалы”: хто зь іх сьпіўся, хто прыстасаваўся, а хто дакладна ведае, што іх “браняпоезд стаіць на запасным пуці”.

Герой стужкі (у надрыўна-залімітным выкананьні Ўладзімера Гасьцюхіна) робіць сабе сьмерць, але прыбыцьцё “іхняга цягніка” Пташук насурочыў.

Карціна збольшага дыялёгі-спрэчкі (некаторыя лічаць фільм радыёп’есай), але зьвярніце ўвагу на трапны маніякальны мантаж афіцыёзных шабашаў-дэманстрацый.

posterПрактычная магія (Practical Magic)

ЗША, 1998, каляровы, 103 хв

Рэжысэр: Грыфін Дан

Жанр: Містыка-камэдыйная мэлядрама паводле раману Эліс Гофман

Ролі выконваюць: Ніколь Кідман, Сандра Балак, Даян Ўіст, Марго Марціндэйл, Стокард Чэнінг, Люсінда Джэні

Адзнака: 5 (з 10)

Над сям’ёй Оўэнз вісіць праклён. Сёстры Джыліян і Салі – патомныя вядзьмаркі і кожны мужчына, які спадабаецца ім, памрэ маладым. Але сёстры зусім не жадаюць такога лёсу – жанчыны мараць пра каханьне.

На выпраўленьне праклёну прыходзіць практычная магія. І вось гераіні шматкроць забіваюць – і ўваскрашаюць палюбоўніка-недарэку. Мужчына адпаведнай кандыцыі ніяк не атрымліваецца, затое палюбоўнік даходзіць да стану прывіда, “падключанага” да Джыліян.

Практычная жаноцкая магія па стварэньні ідэальнага мужчыны карысталася вялікім посьпехам у глядачак Амэрыкі й Эўропы.

posterПад покрывам нябёсаў / Расколатае неба (The Sheltering Sky)

ЗША – Італія, 1990, каляровы, 138 хв

Рэжысэр: Бэрнарда Бэрталючы

Жанр: Экзыстэнцыйная драма паводле раману Пола Боўлза

Ролі выконваюць: Джон Малкавіч, Дэбра Ўінгер, Кэмпбэл Скот, Джыл Бэнэт, Цімаці Спол, Эрык Вю-Ан

Адзнака: 9 (з 10)

У 1947 годзе амэрыканскі кампазытар Порт з жонкаю Кіт і іхні новы сябар Джордж Танэр прыязджаюць у Афрыку. Вандруючы па Сахары, яны спрабуюць уцячы ад цывілізацыі, тлуму, ад гарадзкой мітусьці, і самае галоўнае – ад саміх сябе. Але ад сябе ўцячы немагчыма – і пад покрывам нябёсаў разгортваецца пранізьлівая экзыстэнцыйная драма.

Шэдэўр Бэрнарда Бэрталючы, дзе філязофскія чыньнікі набываюць эратычную плоць, а стыхіі прыроды (пад кіраўніцтвам апэратара Віторыё Старары) – становяцца вобразамі чалавечай душы.

Адна з найлепшых палюбоўных сцэнаў у гісторыі кіно, дзе сьпякотнае неба, пясок – і сонца, а музыка Руічы Сакамоты пульсуе загадкаю й жаданьнем. Сьмерць, прызнаньне ў каханьні – і самота пустыні, ад якой не пазбыцца.

Раман Пола Боўлза казаў пра неразуменьне культураў, фільм Бэрталючы – пра экзыстэнцыйнае маўчаньне пад расколатым небам. Але позіркі, дотык і пясок сонечных кадраў – ёсьць формаю дыялёга.

posterЗамак (Замок)

Расея – Нямеччына – Францыя, 1994, каляровы, 110 хв

Рэжысэр: Аляксей Балабанаў

Жанр: Прыпавесьць паводле аднайменнага раману Франца Кафкі

Ролі выконваюць: Мікалай Стоцкі, Віктар Сухарукаў, Сьвятлана Пісьмічэнка, Анвар Лібабаў, Ігар Шыбанаў, Андрэй Сьмірноў, Аляксей Герман, Вольга Антонава

Адзнака: 6 (з 10)

Да імпэрскага “Брата”, прасякнутага “правільнай” клясава-нацыянальнай нянавісьцю, Аляксей Балабанаў здымаў эстэцкія фільмы паводле рускага дэкадансу, Бэкета – і Франца Кафкі.

Карціна “Замак” – экранізацыя змрочнага раману Франца Кафкі. Малады каморнік прыяжджае ў Палац, куды яго нанялі. Але ў Палац ён трапіць ня здольны – і становіцца ахвяраю таталітарна-бюракратычных інтрыгаў…

Фільм Балабанава поўніцца гратэскнымі пэрсанажамі зь лядашчымі тварамі; дэкарацыі, колеры, гістэрычныя жэсты почасту зусім кафкіянскія. Балабанаў нават дапісывае фінал твору – і пераўтварае каморніка ў бунтара (у гэтым ён ідзе за Орсанам Уэлзам, які зрабіў падобнае з “Працэсам”).

Карціна мае шэраг расейскіх узнагародаў: за лепшую рэжысуру, апэратарскае майстэрства (Сяргей Юрызьдзіцкі, Андрэй Жагалаў), за найлепшыя касьцюмы, музыку (кампазытар Сяргей Курохін) і гук.

Усе фільмы

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру