Галоўны сведка спробы падпалу кіёска «Белсаюздрук» у Віцебску ў 2004 годзе заявіў 13 кастрычніка ў судзе над абвінавачанымі ў тэракце, што бачыў толькі аднаго чалавека, які заклаў выбуховае прыстасаванне.

Спроба падпалу кіёска інкрымінуецца абвінавачанаму ў тэрарызме Дзмітрыю Канавалаву.

Паводле слоў Уладзіміра Громава, які ахоўваў ноччу камерцыйныя шапікі каля газетнага кіёска, пакет з невядомым змесцівам пад дах кіёска, не ўзлазячы на яго, як сцвярджалі некаторыя сведкі, а стоячы на размешчанай побач агароджы, заклаў адзін хлопец — хударлявы і невысокі. Гэтыя антрапаметрычныя характарыстыкі невядомага ён вызначыў з адлегласці некалькіх дзясяткаў метраў. Рост самога Громава — 182 см. Рост Канавалава зараз прыкладна такі ж.

Нагадаем, 10 кастрычніка два з трох сведак па гэтым эпізодзе, спасылаючыся на расказ Громава, казалі пра двух невядомых, якія ўцякалі ў бок жылога масіву, дзе жылі Канавалаў і другі падазроны ў тэрарызме Уладзіслаў Кавалёў. Адным з гэтых сведак быў супрацоўнік дэпартамента аховы МУС. Нарад дэпартамента Громаў спыніў пасля таго, як дастаў пакет з-пад даху, разгледзеў яго змесціва і адкінуў на праезную частку.

Громаў паведаміў, што

ў пакеце была двухлітровая пластыкавая бутэлька з вадкасцю, колба, пластмасавая трубка, падобная на корпус фламастара, кітайскі гадзіннік. Часткі выбуховага прыстасавання былі злучаны праз трубку правадамі.

Сведка паведаміў, што ote>хлопец, які ўцёк, быў апрануты ў куртку з капюшонам — «такія зараз БРСМ носіць».

Гэтыя словы выклікалі невялікае ажыўленне ў зале. Адказваючы на ўдакладняльныя пытанні, Громаў растлумачыў, што размова ідзе аб кроі курткі, а не надпісах на ёй, якія сведчаць аб прыналежнасці да арганізацыі.

Сведка, які бачыў змесціва пакета, спачатку ўпэўнена заявіў, што ў кітайскім гадзінніку ў выглядзе невялікага доміка былі толькі дзве стрэлкі, што яны паказвалі 12.00 і што будзільнік павінен быў спрацаваць апоўдні наступнага дня. Аднак потым сказаў, што не бачыў, які час паказваў гадзіннік, а 

пра тое, што выбуховае прыстасаванне павінна было спрацаваць апоўдні, яму сказалі ў міліцыі.
Растлумачыць, як можна вызначыць час, на які ўстаноўлены будзільнік, пры дзвюх стрэлках, Громаў не здолеў. Сказаў толькі, што ён быў уключаны.

На допыце 10 кастрычніка тры сведкі, у тым ліку два супрацоўнікі міліцыі, упэўнена заявілі: калі выбуховае прыстасаванне было знойдзена далёка за поўнач, спрацаваць яно павінна было менавіта апоўдні наступнага дня.

На судовым пасяджэнні 13 кастрычніка таксама даследаваліся матэрыялы, што тычацца падпалу яшчэ аднаго кіёска «Белсаюздрук» ў 2004 годзе ў раёне ДБК, дзе жылі Канавалаў і Кавалёў. Мяркуючы па паказаннях Кавалёва, гэта зрабіў яго сябар. Высветлілася, што за гэта злачынства ўжо былі асуджаны два чалавекі. Аднак пасля распачынання крымінальнай справы пасля выбуху ў метро прысуд адмянілі.

З матэрыялаў справы вынікае, што выбуховае прыстасаванне, знойдзенае Громавым, было знішчана ў жніўні 2009 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?