Нечаканы працяг учорашняй тэмы:) У Бэльгіі прынц Філіп прыгразіў, што болей ня пусьціць тамтэйшых "нячэсных" журналістаў у рэзыдэнцыю.

Ня ўсіх, а толькі дваіх. Маўляў, ня так падалі ягоны візыт...

Зрэшты, прыгразіў — гучна сказана. Пачытайце вось тут, якім вытанчана-дыпляматычным стылем выказаў прынц незадаволенасьць.

Але і гэтай рэплікі было дастаткова, каб ўзьняўся вэрхал.

Зараз з каралеўскага нашчадка будзе толькі пер'е ляцець, пакуль не прабачыцца ці хаця б ня скажа, што яго ня так зразумелі.

Нашае кіраўніцтва любіць даводзіць, што абсалютнай свабоды прэсы нідзе няма. Можна падумаць, што недасяжнасьць рафінаванага ідэалу — гэта пераканаўчая падстава, каб выкідаць айчынныя газэты з каталёгаў, шапікаў, друкарняў, заганяць журналістаў і рэдактараў ўсё глыбей у балота самацэнзуры нястомнаю пугаю карных захадаў.

Не зьдзіўлюся, калі скандал з прынцам тутэйшая прапаганда падасьць як сьведчаньне гаротнага становішча бэльгійскай прэсы.

Хаця тамтэйшыя газэты, якія мне трохі даводзілася гартаць, трымаюць каралеўскую сям'ю пад пастаянным прыцэлам. Нядаўна вось раскапалі сумнеўныя фінансавыя справы другога прынца — Ларана.

Зрэшты, дзяўбуць ня толькі газэты.

Як вам вось гэты пасаж: "Прэм'ер перадаў свае прэтэнзіі ў Палац і выказаў занепакоенасьць паводзінамі прынца ў дачыненьні да прэсы".

Карацей, гнілы Захад. Ніякага ўяўленьня пра "вэртыкаль". Паспрабаваў бы ў нас прэм'ер перадаць якія-небудзь "прэтэнзіі ў Палац"!..

А ўжо "нячэсныя" журналісты дык, лічы, і забыліся, калі апошні раз у рэзыдэнцыі былі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?