22.10.2011 / 15:05

Сцеражыцеся мараў, або Палацы імя дзядзькі Эдзіка 24

Беларусь сапраўды зрабілася «краем палацаў і замкаў», толькі ці тыя гэта палацы і замкі, пра якія мроілі ў пачатку 90-х? Піша Вадзім Александровіч.

У гады апошняй спробы беларускага адраджэння сярод рупліўцаў беларускай спадчыны была завядзёнка паэтычна называць Беларусь «краем палацаў і замкаў». За мяжу тады выязджалі скрайне рэдка, таму такія метафары здаваліся надзвычай трапнымі. Гэта цяпер мы ўжо паабцерліся і ведаем, што нават Нясвіжскі палацавы комплекс збудаваны паводле тыповага праекту, што быў досыць распаўсюджаным у Цэнтральнай ды Заходняй Еўропе.

Але закладзеная ў канцы 80-х — пачатку 90-х гг. ХХ стагоддзя парадыгма, відаць, пакінула след на ўскрайках падсвядомасці. Бо нічым рацыянальным не патлумачыш нейкае хваравітае марнаванне грошай. Маю на ўвазе на пабудовы, утрыманне якіх пасля ўводу ў эксплуатацыю высмоктвае ўсе сокі і жылы. Гэта можна назіраць і на прыватным, і на дзяржаўным узроўні.

Мяркую, што

кожны з нас можа з лёгкасцю прыгадаць якога-кольвек Эдуарда Францавіча, які — нягледзячы на свой далёка не «алігархічны» гаманец — пачынаў на сваіх сотках будаваць нешта сярэдняе паміж дотам з «лініі Сталіна» і храмамі абарончага тыпу накшталт мураванкі. У выніку будоўля расцягвалася на доўгія гады…
Дзядзька Эдзік (або Сёма Сёмыч, няважна), знясілены бясконцым саматужным заліваннем бетону, раптоўна пакідаў гэты свет, пакідаючы спадчыннікам вялізарныя клопаты па продажы недаробленай прыватнай фартэцыі (часцяком папросту за бясцэнак)…
Менавіта гэты няшчасны дзядзька Эдзік і прыгадаўся днямі, калі я пабачыў на сайце nn.by інфармацыю пра тое, што фінансаванне новага Лядовага палаца на 2800 месцаў у Маладзечне пацягнула на паўтары сотні мільярдаў рублёў.
Паводле апісання БелТА, гэта «сучасны шматфункцыянальны комплекс, дзе можна будзе праводзіць не толькі спартовыя спаборніцтвы, але і масавыя мерапрыемствы, канцэрты. У склад комплексу ўвойдуць трэнажорныя, спартовыя залы, медычна-аднаўленчы цэнтр, а таксама басейн з элементамі аквапарку».

Але ніводны дзяржаўны СМІ практычна не падымае праблемы самаакупнасці лядовых палацаў, пабудаваных апошнімі гадамі на перыферыі. Дый наколькі яны патрэбныя наагул? Пазалетась большасць афіцыйных СМІ білі ў фанфары радкамі накшталт: «Падарункам жыхарам Баранавічаў на Новы год стала адкрыццё Лядовага палаца, якое ўшанаваў сваёй прысутнасцю і Аляксандр Лукашэнка».

З’яўленне новага для горада аб’екта ўмяшчальнасцю на 2100 гледачоў выклікала немалую цікавасць жыхароў, але цікавасць хутка згасла.

На гэты конт трапна напісана ў конкурсным матэрыяле на сайце http://narodny.by: «Здавалася, працэнт ахвотных рэгулярна запаўняць лядовае поле і бонусы да яго ў выглядзе трэнажорнай залы ці, напрыклад, саўны будзе няўхільна расці, але гэта выявілася аптымістычнай ілюзіяй… Лядоваму палацу быў падрыхтаваны лёс стацца яшчэ аднаго стратнага клопату для Баранавічаў».
За няпоўны год працы на аб’екце змянілася трое кіраўнікоў, страты склалі каля 1,1 млрд «яшчэ нармальных» рублёў, і 22 снежня 2010 г. Лядовы палац спыніў функцыянаванне як унітарнае прадпрыемства, а яго будынак і маёмасць былі перададзеныя гарадскому аддзелу па фізкультуры, спорце і турызме. Агулам баранавіцкі Лядовы палац абышоўся ў 60 млрд рублёў бюджэтных грошай. Праз колькі месяцаў пасля пачатку будаўніцтва КДК РБ правёў праверку ААТ «Будтрэст № 25», што будаваў арэну, і выявіў перавышэнне каштарысу на 660 мільёнаў рублёў…

Вяселлі, канцэрты, выставы, арэнда памяшканняў, экскурсіі… Што заўгодна, але ў Баранавічах Лядовы палац выкарыстоўваецца не па прызначэнні…

«Сказ пра лядовыя палацы» можна працягваць доўга — дастаткова прыгадаць сямітысячную «Бабруйск-Арэну», на якую падчас хакейных матчаў раз-пораз заганяюць нават выхавацелек дзіцячых садкоў (прычым не бясплатна, а праз прымусовае набыццё квіткоў). У якую хворую галаву колькі гадоў таму прыйшла думка, што ў Бабруйску можна правесці чэмпіянат свету?
Ня трэба быць надмозгам, каб зразумець — у сённяшняй Беларусі толькі Мінск у стане (і тое з праблемамі) даць неабходныя ўмовы масаваму заходняму турысту. Заўважу, што сённяшняя ўлада і так ледзь выпрасіла права правесці сусветны форум у сталіцы ў зімовы алімпійскі год, калі галоўны хакейны турнір пройдзе ў Сочы.

Атрымліваецца, што пры нармальным (рэалістычным) планаванні можна было б у Бабруйску спакойна абысціся без руйнавання рэшткаў гістарычнай фартэцыі, збудаваўшы кампактны лядовы комплекс на 1200–1400 гледачоў. А той самы бабруйскі сямітысячнік паставіць у Чыжоўцы. І тады цяпер, ва ўмовах рэзкага змяншэння датавання з боку Расіі, не трэба было б марнаваць грошы на пабудову яшчэ аднае велізарнае арэны. Якая, хутчэй за ўсё, будзе запаўняцца лічаныя разы на год (падчас канцэртаў поп- і рок-зорак).

Сумна, што

дзяржава нават не падумала пра тое, што ў большасці гарадоў краіны варта абмежавацца пабудовай невялікіх лядовых крытых пляцовак на 500 гледачоў кшталту мінскай ў парку Горкага ці наагул пружанскай — з паўночнаамерыканскай (меншай па памеры) каробкай для заняткаў лядовымі відамі спорту. А сродкі можна было ўкласці ў заснаванне інавацыйных СП, што магло прыцягнуць рэальныя заходнія інвестыцыі і тэхналогіі… Цалкам магчыма, што «палацава-плітачнае» марнаванне велізарных датацый ад Расіі — адно з самых вялікіх злачынстваў рэжыму.
І гэтае злачынства, знішчыўшы грамадскую мараль, спарадзіла мноства драбнейшых. Бо з сусветнага досведу вядома: нішто не раскрадаецца так лёгка, як грошы падчас бюджэтнага будаўніцтва. Таму калі бачыце на беларускіх вулках машыны за дзясяткі тысяч еўра, ведайце: значная частка іх ёсць вынікам «адкатаў» на гіганцкіх будоўлях за дзяржаўныя грошы.
Беларусь цяпер сапраўды зрабілася «краем палацаў і замкаў», толькі ці тыя гэта палацы і замкі, пра якія мроілі ў пачатку 90-х?
Сцеражыся мараў — яны часам збываюцца, кажа векапомнае выслоўе.

Вадзім Александровіч

0
zmiter / Адказаць
22.10.2011 / 16:29
Пасля зказу : "Гэта цяпер мы ўжо паабцерліся і ведаем, што нават Нясвіжскі палацавы комплекс збудаваны паводле тыповага праекту, што быў досыць распаўсюджаным у Цэнтральнай ды Заходняй Еўропе." - далей чытаць не стаў. Аўтар сам не ведае пра што піша...
0
Абазнаны / Адказаць
22.10.2011 / 18:22
Андрэй! Малайцом. Трапны артыкул. Я згодны. што за фасадам абгрунтавання пабудовы( за здаровы лад жыцця..., каб заняць дзяцей..) амаль кожнага палаца стаіць будаўнічае лоббі,з жаданнем "наварыць". Возьміце кошт самага малога лядовага палацу 1-1.5 млн. даляраў у нейкім раённым цэнтру. Калі пакласьці 1 трэнеру( футбольнаму, валейбольнаму, баскетбольнаму, гандбольнаму, у лёгкай атлетыцы, боксе, вяславанні, фехтаванні і г.д. у традыцыйна БЕЛАРУСКІХ відах спорту) 500 даляраў у месяц( адбою ня будзе - гарантую), гэта з падаткамі будзе 12 тысячаў на год. Дык можна трымаць больш за 10 гадоў 8 трэнераў у гэтым раённым цэнтры і гадаваць спартоўцаў эўрапейскага зроўню Калі ж гаворка йдзе пра заняткі хакеем, дык дастаткова закласьці адкрытыя каткі з штучным лёдам і нейкім танным навесам над галавой і невялікія цёплыя распранальні. Але ніхто на гэта ня згодзіцца - мала бэтону - не наварыш. А, забыў сказаць, што яшчэ вельмі карысны праект з мінімумам бэтону -. АДКРЫТЫЯ БАСЭЙНЫ. Іх нідзе няма, мабыць толькі у Менску адзін ё ва Ўруччы( вайсковым гарадку). Асабліва патрэбныя ўлетку яны, калі зачыняюць закрытыя басэйны і забараняюць купацца ў адкрытых вадаёмах. Могуць працаваць круглы годю. З настальгіяй ўзгадваю купанне на свежым паветрыу такім басэйну(цяпер яго зруйнавалі) каля Парка Чалюскінцаў і 30 градусную спёку і ў 10 градусную сьцюжу
0
Абазнаны / Адказаць
22.10.2011 / 18:28
Даруйце. Малайца - Вадзім. Трапны артыкул, пра гэта 95% беларусаў на кухнях кажуць.
Паказаць усе каментары/ 24 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру