І сказаў Гасподзь сатане:
    ці звярнуў ты ўвагу сваю
    на раба Майго Ёва?
    Ёў, 1:8

Толя Крачко, «хімік». Робіць зваршчыкам, працуе — глядзець любата. Заходзіць на склад па ключы ды электроды. Адбывае год за парушэнне рэжыму. Негаваркі.

«Вось патлумач мне, — Толя аблягае бар’ер складу. — Чытаў я Біблію, кнігу Ёва. Бог пакараў яго, не магу разабрацца за што».

Ого. Кніга Ёва — самая глыбіня Бібліі. Кніга пакутаў, надзвычай шчымлівая, надзвычай беларуская. Выпрабоўваючы веру праведнага Ёва, Госпад дапусціў, каб д’ябал забраў ад яго дзяцей ды знішчыў гаспадарку. Але Ёў, увесь у струпах праказы, у пыле і попеле, аточаны непрыязнымі сябрамі ды сваякамі, усё ж застаецца верны. Ёў — гэта такая вера, калі нават надзеі няма.

Пачынаю тлумачыць пра Божую справядлівасць, пра тое, што вера Ёва сталася прыкладам для мільярдаў вернікаў.

«Стой. Вось у яго было сем сыноў, — Анатоль зачэрпвае з бліжэйшай скрыні, не гледзячы, жменю гаек. — Давай разбярэмся, так прасцей».

З грукатам выкладвае гайкі на бар’ер, іх сапраўды аказваецца сем. «Дзяцей-та за што?» Гайкі змеценыя, Толя дапытліва глядзіць на мяне.

«Чаму ён пасля гэтага яшчэ і верыць?»

Просты беларус зусім не просты. Простага беларускага токара ды слесара судзяць па абвінавачванні ў тэрарызме, а просты беларускі зваршчык намагаецца разабрацца ў таямніцах Божых — і паспрабуйце дасць дна ў душы аднаго, другога ды трэцяга. Той, хто думае, што беларускую душу можна задаволіць спажывецтвам, запоўніць страхам або вычысціць на ўзор мінскіх вуліцаў, да стану святарнай пустаты, моцна памыляецца. Беларуса прасцей утапіць у самім сабе.

Такім чынам, чаму Ёў усё-такі верыць? Самае пытанне для восені 2011-га.

Чаму дагэтуль верыць вулічны баец, маладафронтавец Зміцер Дашкевіч, трыццацігадовы пратэстант, абвінавачаны ў хуліганстве і змешчаны ў зону для рэцыдывістаў, Дашкевіч, якога гнояць на этапах ды ў адзіночках, і ў якім мы толькі скрозь краты разгледзелі і пяшчотнага закаханага, і пранізлівага публіцыста — верыць, не піша «прашэння на памілаванне» і застаецца сцягам для няскоранай беларускай моладзі?

Чаму дагэтуль верыць беларускі адмысловец-рэкламшчык Зміцер Бандарэнка, якога, хворага, нізавошта калечаць у зоне пасля найскладанейшай аперацыі на хрыбце, а ён асэнсоўвае беларускую нацыянальную ідэю як глыбока хрысціянскую — Бог, Айчына. Сям’я — і, кульгаючы па камеры, толькі паўтарае: «Слава Ісусу! Жыве Беларусь!»

Беларускі дыпламат, патомны інтэлігент Андрэй Саннікаў, аказваецца, можа трываць не адно непрыемных субяседнікаў на перамовах, але і месяцы здзекаў у СІЗА, калоніі, «прэс-хатах» — і верыць у тое, што праўда ўрэшце пераможа.

Беларускі праваабронца Алесь Бяляцкі, якога «здалі» дробныя еўрапейскія чыноўнікі, цярпліва чакае няправеднага суда і па-ранейшаму верыць у еўрапейскую будучыню для Беларусі.

Беларускі юнак Мікіта Ліхавід, атрымаўшы 3,5 года турмы за «ўдзел у пагромах» дзеля таго, каб не называцца «асуджаным», гатовы месяцамі сядзець паўгалодным у камеры і адціскацца начамі, калі ад холаду не заснуць, — і верыць, што пераможа.

Беларускі афіцэр Мікалай Статкевіч, чые продкі-магнаты калісьці будавалі Свята-Петрапаўлаўскі сабор на Нямізе, той самы Статкевіч, ад якога і ўлада, і апазіцыйны бамонд моршчыліся як ад зубнога болю, з мужнасцю сапраўднага шляхціца вытрымлівае галадоўку, няволю, прыніжэнні, — верыць, што ягоная ахвяра не марная.

Беларускі журналіст Яўген Васьковіч, усмешлівы і зычлівы каталіцкі вернік, з якім у двары вітаюцца ўсе бабулькі, кідае бутэльку з запальнай сумессю ў будынак раённага КДБ, на судзе, у клетцы адзявае майку з"Пагоняй», атрымлівае 7 гадоў — і верыць, што рэжым будзе разбураны.

Зваршчык Анатоль не дачытаў кнігу Ёва да канца. А напрыканцы Госпад узнагародзіў пакутніка, вярнуў яму дзяцей, здароўе і даў удвая больш маёмасці.

Колькі іх, беларусаў, хто заблукаў пасярод кнігі Ёва? Цярплівыя і цярплівыя, мы корпаемся ў пытанні апраўдання пакуты настолькі зацята, наколькі іншыя народы вышукваюць нацыянальную ідэю ці сэнс жыцця. Беларусы недаўмеваюць: за што?!

Пакуты ніколі не бываюць марнымі ці выпадковымі — гэта заўжды напаўненне пэўнае меры, адкупленне, накшталт 40 гадоў блукання ў пустыні ці 70 гадоў вавілонскага палону. Свабоду і незалежнасць трэба адпакутаваць, высядзець, вынасіць гэтак жа, як выношваць дзіцё або выціскаюць з сябе па кроплі раба. Валадарства нябеснае высілкамі дасягаецца.

Глядзі яшчэ: Беларуская глыбіня. Частка І

Беларуская глыбіня. Каменда

Беларуская глыбіня. Ластаўкі ў стрэсе

Беларуская глыбіня. Пераўтварэнне Госпада

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?