Калі зьвернеш ўвагу на назвы вуліц у вялікіх і малых беларускіх гарадах, то заўважыш, што ў сваёй большасьці яны называюцца у гонар людзей ці падзей, якія альбо не маюць да Беларусі ніякага дачыненьня, альбо носяць імёны катаў ці асобаў з сумніўным гістарычным мінулым, альбо ніхто наогул не памятае – гонар каго яны ўшаноўваюць.

Вельмі часта мы ходзім па вуліцах імя таго, хто нішчыў беларусаў і ўсё беларускае. Гэта «спадчына» савецкай імперыі. Ці разьвітаемся мы з ёй, ці яна застанецца нашчадкам?

Пра перайменаваньні вуліц у Менску распавядае праваабаронца Алесь Бяляцкі, які на пачатку 90‑ых быў дэпутатам гарсавету: «Пасьля зьяўленьня ў Менску боль‑менш плюралістычнанага складу гарсавету, дзе прадстаўнікі «дэмакратычнай плыні» займалі прыкладна траціну месцаў, паўстала пытаньне дэілагізацыі менскай тапанімікі. Па ініцыятыве камісіі па культуры гарсавету, куды ўваходзіў і я, была створаная грамадзкая камісія па тапаніміцы, куды запрасілі вядомых беларускіх гісторыкаў і мовазнаўцаў. (Гэтая тапанімічная камісія працуе і зараз, вядома ў зьмененым выглядзе.)

Даволі хутка была распрацавана канцэпцыя разьвіцьця тапанімікі ў Менску. Асноўныя прынцыпы яе заключаліся ў тым, каб аднавіць гістарычныя назвы вуліц старога Менску. Пры перайменаваньні ж савецкіх назваў неіснаваўшых некалі вуліц ці найменаваньні новых вырашана было абапірацца на гістарычную тапаніміку старых вёсак і ўрочышч, якія ўвайшлі ў склад гораду і некалі знаходзіліся на месцы гэтых вуліц. Па‑другое, ўшанаваць вядомых асобаў у гісторыі Беларусі, якія ўнесьлі свой унёсак ў яе дзяржаўнасьць і культуру. Быў складзены пэўны план. Нажаль, менгравыканкам, які тады ўзначальваў Міхаіл Марыніч, заблакаваў гэты план аднаўленьня старажытных назваў менскіх уліц».

А вось меркаваньне гісторыка з Оршы Віктара Лютынскага: «На будынку аршанскага чыгуначанага вакзала ўжо колькі год вісяць дзве мемарыяльныя дошкі, прысьвечаныя праезду праз чыгуначную станцыю Орша Ул. Леніна (1895 і 1900) ды наведваньня ваказала ў 1919 годзе М. Калініным. Здаецца, праз некаторы час трэба будзе побач разьмясьціць даведкі, хто ж гата такія і чаму ім такая пашана. Але ж, калі палічыць усіх выдатных людзей, якія з 1871 года праязджалі праз Оршу, не хапіла б месца на вакзальных сьценах. І ўсё ж такі памяць пра двух асобах, якія былі тут амаль адначасова, у 1918 годзе, трэба неяк адзначыць. Гэта паэт Янка Купала, а таксама Нобелеўскі лаўрэат, паэт, эсеіст, перакладчык Чэслаў Мілаш».

На фота: вуліца Савецкая ў Баранавічах. Фота з архіву Нашай Нівы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?