Беларусь і ЕС праз прызму... СССР

Узровень адносін Беларусі і Еўрасаюза настолькі нізкі, што часам нават эсперты па еўрапейскіх адносінах дапускаюць памылкі, давяраючыся свайму здароваму розуму.

Так, у нядаўняй публікацыі на афіцыйным сайце Усходняга Партнёрства ўкраінскі навуковец піша, што ўсе краіны УП, у тым ліку і Беларусь, ці ўжо пачалі перамовы пра заключэння дамоваў пра асацыяцыю з Еўрасаюзам, ці пачнуць іх у скорай будучыні.

Маўляў, пакуль кантрактныя адносіны з ЕС абмяжоўваюцца практычна аднолькавымі «застарэлымі дамовамі пра партнёрства і асацыяцыю».

Але ў рэальнасці і пра дамову пра партнёрства, і асацыяцыю Беларусі пакуль даводзіцца толькі марыць. У адрозненне ад усіх іншых краін Усходняга Партнёрства, яна для Беларусі так і не набыла сілу. Як і Часовае пагадненне аб гандлі, падпісанае яшчэ ў 1995 годзе.

Выглядае, што даследчык і падумаць не мог, што Беларусь – выключэнне, і не ўпісваецца ў натуральны ход развіцця адносін Еўрасаюза з іншымі ўсходнімі суседзямі.

Сапраўды, цяжка паверыць, але па сёння двухбаковыя гандлёвыя і эканамічныя адносіны з ЕС рэгулююцца Пагадненнем аб гандлі і супрацоўніцтва 1989 года паміж ЕС і СССР!

«Кантрактныя адносіны з ЕС»

«Перамовы аб заключэнні Дамовы пра асацыяцыю і стварэнне зоны вольнага гандля»

«Вялікія дасягненні» не для ўсіх

Выніковая Дэкларацыя варшаўскага Саміта Усходняга Партнёрства, ацэньваючы мінулыя два гады ініцыятывы, абвяшчае:

«Ужо ёсць вялікія дасягенні. Краіны-партнёры правялі палітычныя і эканамічныя рэформы, адносіны паміж ЕС і краінамі Усходняга Партнёрства значна паглыбіліся».

Важнае ўдакладненне: паглыбіліся ва ўсіх краінах УП, апрача Беларусі. І заўважных палітычных і эканамічных рэформаў для набліжэння з ЕС беларускія ўлады таксама не правялі.

Напрыклад, у справе стварэння зоны свабоднага гандлю з Еўрасаюзам Беларусь пляцецца за ўсімі іншымі краінамі УП. Яны ўжо імкнуцца да пераходу на новы ўзровень супрацоўніцтва з ЕС – заключэнне дамоваў пра асацыяцыю.

Нават у тых сферах, дзе Беларусь традыцыйна заяўляе пра ахвоту працаваць з ЕС – эканамічная, энэргетычная, транспартная, візавая, – прагрэс мізэрны ці ніякі.

Напрыклад, у сферы спрашчэння візавага рэжыма, які становіць важны крок для пераходу да бязвізавага, ЕС у якасці прыкладаў прыводзіць Малдову і Украіну. Іх Планы па візавай лібералізацыі, згодна з Дэкларацыяй Саміта, «могуць служыць мадэллю для іншых краін». Яшчэ адна пазітыўна адзначаная дакументам краіна – Грузія. А Беларусі ў спісе «перадавікоў» няма.

У іншых галінах супрацоўніцтва падобная сітуацыя: у сферы энэргетычнай бяспекі Дэкларацыя Саміта сярод краін УП адзначае Малдову і Ўкраіну (яны далучыліся да Дамовы энэргетычнай супольнасці), у сферы транспарта – поспехі Украіны, Малдовы і Грузіі.

Заўважым, што гэта нават не вяршэнства права, будаўніцтва дэмакратычных інстытутаў і пашана правоў чалавека, прагрэсу па каторых так упарціцца афіцыйны Мінск.

«Робіш больш – маеш больш»

Афіцыйны Мінск пастаянна наракае пра маруднасць Усходняга Партнёрства.

Але гэта вынік млявасці самога Мінска, якому трэба хутчэй рухацца наперад. ЕС кіруецца прынцыпам «робіш больш – маеш больш». Гэта падкрэслівае і Дэкларацыя Саміта:

“... ад тэмпа рэформаў будзе залежыць велічыня супрацоўніцтва, і найбольш прасунутыя ў рэформах партнёры займеюць найбольныя выгоды ад супрацоўніцтва з ЕС, уключаючы шчыльнейшую палітычную асацыяцыю, большую эканамічную інтэграцыю ва ўнутраны рынак ЕС...”

Хіба найлепшым выражэннем узгаданага прынцыпа стала заява Дональда Туска пра 9-мільярдны пакет дапамогі ў выпадку правядзення рэформаў. Беларускаму кіраўніку словы польскага прэм'ера падаліся нерэальнымі. Асабліва на фоне рашэння Саміта выдзяліць на Ўсходняе Партнёрства на 2011-2013 дадатковыя... 150 млн еўра.

З іншага боку, у няпросты эканамічны час, калі ўся фінансавая сістэма ЕС апынулася пад пагрозай, гэтае рашэнне мае вялікі сімвалізм. Да таго ж, большы ўзровень інтэграцыі з Еўрасаюзам у перспектыве здольны ператварыцца ў куды большыя матарыяльныя выгоды.

У любым выпадку, пакуль Беларусь старанна робіць наадварот: як мага менш. Прычым не толькі ў сферы ўнутраных рэформаў, але і ў рамках самога Усходняга Партнёрства: у Еўранэсце (парламенцкім вымярэнні ініцыятывы) не ўдзельнічае, перашкаджае працы няўрадавых арганізацый на Форуме грамадзянскай супольнасці, урэшце рэшт, ігнаруе надзвычай прадстаўнічы Саміт.

Надзея жыве і па сёння

Тым не менш, нягледзячы на развіццё падзеяў у Беларусі пасля 19 снежня 2010 года, ЕС па-ранейшаму верыць, што афіцыйны Мінск выправіцца.

Паводле Дэкларацыі, усе краіны Усходняга Партнёрства (у тым ліку Беларусь) «маюць памкненне да асноўных прынцыпаў і каштоўнасцяў, на якіх грунтуецца ЕС: свабода, дэмакратыя, пашана правоў чалавека і асноўных свабодаў, вяршэнства права».

Дарэчнае пытанне, ці сапраўды беларускі ўрад мае згаданае памкненне, і ці не выдае ЕС жаданае за існае.

Пакуль Беларусь відавочна адстае ад усіх іншых партнёраў па Ўсходнім Партнёрстве. Але ЕС не губляе надзеі. Не губляюць яе і прагныя рэформаў і паляпшэння адносін з Еўрасаюзам беларусы.

Еўрапейскі Саюз дае адназначны адказ беларускім уладам, як займець найбольш карысці ад супрацоўніцтва: рабіць больш. У рэформах, не ў рэпрэсіях.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?