Ні беларускія, ні расійскія эксперты не змаглі даць дакладнага заключэння аб канструкцыі, прынцыпе дзеяння, спосабе падрыву самаробных выбуховых прылад, прыведзеных у дзеянне 14 і 22 верасня 2005 года ў Віцебску. Гэта вынікае з заключэння экспертыз, праведзеных у 2005–2007 гадах МУС Беларусі і ФСБ Расіі. Матэрыялы былі прадстаўленыя суду па справе абвінавачаных у тэрарызме Канавалаву і Кавалёву 14 кастрычніка.

У арганізацыі выбухаў у Віцебску абвінавачваецца Дзмітрый Канавалаў.

Беларускія і расійскія эксперты былі адзіныя ў меркаванні, што выбуховыя рэчывы для абедзвюх выбуховых прылад выраблены на аснове тратылу. У той жа час яны па-рознаму ацанілі магутнасць выбухаў. Паводле версіі галоўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра МУС Беларусі, 14 верасня яна склала каля 90 грамаў у тратылавым эквіваленце, 22 веранся — не менш чым 150–200 грамаў (па версіі ФСБ — 100–200 і 300–400 адпаведна).

Беларускія эксперты канстатавалі, што «асоба, якая вырабіла выбуховую прыладу, мае пазнанні ў выбуховай справе», «пры вырабе выбуховага рэчыва былі выкананы неабходныя правілы тэхнікі бяспекі» і што «асоба, якая не мае спецыяльнай падрыхтоўкі, не ў стане прывесці ў дзеянне выбуховую прыладу». Штосьці дакладна паведаміць аб канструкцыі выбуховай прылады і канструкцыі запавольніка яны не змаглі. Пры гэтым эксперты ўстанавілі, што 14 верасня ў момант прывядзення ў дзеянне выбуховая прылада была ў гарызантальным становішчы. Паражальныя элементы знаходзіліся пад выбуховым рэчывам. 22 верасня бляшанка, начыненая ўзрыўчаткай, была ў вертыкальным становішчы, паражальныя элементы акружалі выбуховае рэчыва. Нагадаем, у выніку выбуху 14 верасня пацярпелі два чалавекі, а 22 верасня — больш за 50.

Эксперты ФСБ канстатавалі, што дакладна вызначыць прынцып дзеяння, спосаб падрыву, ці быў у выбуховай прыладзе запавольнік, не ўяўляецца магчымым.

Беларускія і расійскія эксперты ў сваіх заключэннях некалькі разоў заявілі, што вогнеправодных шнуроў, якія могуць знікнуць у выніку выбуху, не існуе.

Канструкцыі дзвюх выбуховых прылад яны палічылі аналагічнымі па шэрагу фактараў. Так, у адным і другім выпадку зарад быў зроблены на аснове тратылу або рэчыва з утрыманнем тратылу, корпусам выбуховых прылад былі бляшанкі з-пад газіраванага напою і піва, выбуховыя прылады былі начыненыя гатовымі паражальнымі элементамі.

Расійскія спецыялісты таксама канстатавалі, што выбуховыя прылады, якія спрацавалі ў Віцебску, маюць падабенства толькі па адным параметры з выбуховай прыладай, абясшкоджанай у Мінску 3 ліпеня 2008 года і спрацаваўшай 4 ліпеня 2008 года, — усе былі закамуфляваныя пад упакоўкі з-пад напояў.

Экспертыза ўстанавіла ідэнтычнасць прыпою на паяльніку, канфіскаваным з кватэры Канавалава, з кавалкамі прыпою, якія быў знойдзены на месцы выбуху 22 верасня і ўзятых з цел пацярпелых. Устаноўлена таксама падабенства па групавых прыкметах некалькіх шурупаў, канфіскаваных у падвале Канавалава, з шурупамі на месцы выбуху 22 верасня і ўзятымі з цел пацярпелых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?