Сустаршыня аргкамітэта партыі БХД палітвязень Павал Севярынец адмовіўся пісаць заяву аб пераводзе на «хімію» па месцы жыхарства. Ён адбывае два гады «хіміі» у вёсцы Куплін Пружанскага раёна. Паводле палітвязня, яму абяцалі змяніць месца адбыцця пакарання, калі б ён прызнаў віну:

«Кажуць, адну паперку падпішыце — і паедзеце да хаты. Я не пагадзіўся. Тады прапанавалі павініцца хаця б на словах, перад гэтак званай радай выхавацеляў. Але я ўсё роўна не пагадзіўся. Навошта?

Калі я ў КДБ не прызнаваў сябе вінаватым на допытах, чаму тут буду вініцца? Людзі і ў горшых умовах трымаюцца. Сказаў: не».

Павел Севярынец працуе на складзе аўтазапчастак ў фермерскай гаспадарцы «Бардо»: прымае і выдае запчасткі, афармляе на іх дакументы. Працоўнае месца палітвязня — у вялікім ангары, дзе раней знаходзіліся танкі савецкай танкавай дывізіі. «Зараз усё халадней, але праца не дае замерзнуць», — кажа Севярынец.

У суботы і нядзелі да вязня прыяжджаюць госці, з якімі ён сустракаецца ў альтанцы перад камендатурай: «Вось і сёння абяцалі прыехаць мае адзінадумцы зь Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі».

Шанцы на сваё датэрміновае вызваленне ў блізкім часе Павел ацаніў як 50 на 50. Ён лічыць, што раней за яго, з меркаванняў стану здароўя, могуць вызваліць каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Дзмітрыя Бандарэнку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?