Леташняй вясной КДБ Беларусі скупа паведаміў, што правёў апэрацыю па спыненьні дзейнасьці групы асобаў, што займаліся рэалізацыяй на экспарт піламатэрыялаў са скрадзенага ў краіне лесу. Апэрацыя гэтая насамрэч ня мела шчэ аналягаў у краіне. 19 красавіка адначасова былі праведзеныя ператрусы ды арышты ў дваццацёх фірмах Менску, Менскай, Магілёўскай і Берасьцейскіх вобласьцяў. 12 чалавек трапілі ў сьледчы ізалятар КДБ.

Цягам ператрусаў вынайшлі ня толькі падманныя дакумэнты, але й зброю. Па гарачых сьлядох паведамлялася, што пятая частка ўсяго беларускага экспарту піламатэрыялаў рэалізоўвалася празь «левыя» схемы менавіта гэтымі «ляснымі братамі». Шкоду ацанілі ў 20 млн даляраў. А далей — стоп, справа сьціхла. Не было ні гучных адставак, ні арыштаў. Хоць цягам сьледзтва выясьнілася, што маштабы шкоды, прычыненай дзяржаве, ад пачатку недаацанілі.

Калі вясною 2006‑га, пасьля дзьвюх аналітычных запісак Аляксандру Лукашэнку і Віктару Шэйману, Камітэт дзяржбясьпекі ўсё ж дастаў згоду на правядзеньне апэрацыі па спыненьню незаконнага экспарту лесу, ніхто не меркаваў, якія будуць праўдзівыя аб’ёмы гэтага экспарту. Каб нагадаць, паведамляем: у 2005 г. усе арганізацыі Міністэрства лясной гаспадаркі экспартавалі прадукцыі на 80 млн даляраў ЗША. Як вызначана сёньня, «лясныя браты» штогод вывозілі прадукцыі на суму каля 50 млн даляраў! Інакш кажучы, ценевы бізнэс піламатэрыялаў сваімі аб’ёмамі перавышае палову афіцыйнага экспарту. І ня толькі у 2005‑м, а прынамсі цягам апошніх трох гадоў. (У тым, якое абарачэньне было да 2003 г., сьледзтва яшчэ разьбіраецца.)

На сёньня ў сьледчым ізалятары КДБ сядзяць 15 фігурантаў тае справы. У махінацыі аказаліся ўблытаныя 40 фірмаў, улучна з замежнымі. Але пералічваць іхныя назвы няма сэнсу, бо бізнэс быў наладжаны (як і належыць у бізнэсе такіх маштабаў) на дзяржаўным узроўні. Схему курыраваў дзяржаўны спэцэкспартэр «Беллеспаперпрамэкпарт», але рэальна ўгоды рабіліся пад прыкрыцьцём найдасьведчанага гульца беларускага рынку лесаматэрыялаў СТАА «Эстыкару».

Схема маштабнага крадзяжу была вельмі простая і пачыналася з вылучэньня дзялянкі пад высячэньне. На паперы вылучалася адна колькасьць лесу, але на праўдзе — значна болей. Далей зьяўляўся нідзе ня ўлічаны матэрыял, за які разьлічваліся гатовымі грашмі, каб у лесапільняў не было хібаў у бухгальтэрыі. Легалізоўвалі ўгоду афіцыйныя экспартэры празь фікцыйныя дамовы зь фікцыйнымі фірмамі. Болей за тое, пасьля тыя «чыстыя фірмы» падавалі падаткавікам дакумэнты на зварот зь бюджэту сумы падатку на дадатную вартасьць — 18 %, каторыя нібыта былі сплачаныя за вытворцу. То бок дзяржава рабавалася двойчы.

Зразумела, што трэба было вельмі моцна закрыць вочы, проста заплюшчыцца, каб не заўважаць тае чорнае бухгальтэрыі. Але не заўважалі. Да таго ж, з папярэдніх зьвестак, схема бесьперабойна працавала гадоў дзесяць.

Цягам сьледзтва выясьніліся і іншыя абставіны. Нехта, хто вельмі рупіцца пра інтарэсы дзяржавы, падбаў пра тое, каб мінімальна ўсталяваныя ўрадам цэны для экспарту (індыкатыў) былі заніжаныя насупраць рэальных на 30—50 %. То бок спэцэкспартэры на цалкам законных падставах па ўсіх (!), а ня толькі фікцыйных, кантрактах маглі атрымоўваць звышпрыбыткі. Ну, напрыклад, калі індыкатыўная цана была 70 даляраў, рэальна лес прадавалі за 105, калі стала 90 — прадавалі па 115—130. Зрэшты, гэты напрамак цягам сьледзтва не разьвіваўся, бо значная частка звышпрыбытку перацякала ў славуты прэзыдэнцкі фонд. То бок урад сваёй пастановай пра значнае заніжэньне індыкатыўных цэнаў рабаваў дзяржаву на карысьць прэзыдэнта, а ў беларускіх рэаліях гэта не ўважаецца за рабаўніцтва. Сёньня ўся праваахоўная сыстэма краіны кінутая на пошукі двух кландайкаў: рахункаў Марозаўскай злачыннай групоўкі, якая дзейнічала ў Гомелі блізка 10 гадоў, і рахункаў «лясных братоў», якія рабавалі дзяржаву цягам такога самага часу. Аднак і ў першым, і ў другім разе сьледзтва прайшло па нізох, не закрануўшы вершаліны — высокапастаўленых заступнікаў, дзякуючы каму стала мажлівае ўтварэньне падобных спрутаў. Таму рахункі шукацьмуць доўга. І ня знойдуць.

Што ж датыкае ўласнага лесу, дык... Тут чым далей, тым болей труску. Сёлета ў лясной галіне зьбіраецца выбухнуць сапраўдная рэвалюцыя. Дрэваапрацоўку ў Міністэрства лясной гаспадаркі забіраюць: лесапільні, дрэваапрацоўчыя цэхі і г.д. перадаюцца зь лясгасаў — райвыканкамам. Прыватныя прадпрыемствы дрэваапрацоўкі дзяржава таксама маніцца забраць (афіцыйна кажуць толькі пра неэфэктыўныя вытворчасьці) і перадаць «Беллеспаперпраму» ці перапрадаць яшчэ раз іншым гаспадарам. Мінлясгас пакараны: цяпер ён будзе займацца вырошчваньнем лесу, паляваньнем, зьбіральніцтвам грыбоў ды ягад. А ва ўсім астатнім нічога не зьмянілася — і індыкатыўныя кошты прыніжаныя, і спэцэкспартэры застаюцца. Проста гэтым зоймуцца іншыя людзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?