Для пачатку перамоў аб праграме фінансавай падтрымкі з боку Міжнароднага валютнага фонду беларускімі ўладамі павінны быць зроблены пераканаўчыя крокі ў эканамічнай палітыцы,
заявіў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс 17 кастрычніка на брыфінгу ў Мінску.

Місія МВФ па ацэнцы эканамічнай палітыкі працавала ў Беларусі з 5 па 17 кастрычніка.

«Цяпер мы чакаем, каб урад і Нацбанк ажыццявілі пэўныя дзеянні. Мы зацікаўленыя ў дзеяннях па шэрагу кірункаў эканамічнай палітыкі, — адзначыў Джарвіс. — Магу сказаць, што ўрад і Нацбанк іх пачалі рабіць. Напрыклад, заява аб выхадзе на адзіны курс — гэта крок наперад».

Акрамя таго, паводле слоў Джарвіса,

эксперты МВФ таксама хацелі б паглядзець, якую грашова-крэдытную палітыку ўрад і Нацбанк прапануюць на наступны год і ці будуць гэтыя рэкамендацыі падтрыманыя прэзідэнтам Беларусі.
«Мы пакуль што не падышлі да этапу, пры якім абмяркоўвалася б сума крэдыту», — падкрэсліў Джарвіс.
Тыя сумы, якія раней называліся (ад 3 да 7 млрд долараў), — гэта была ацэнка ўрада, дадаў ён.

Кіраўнік місіі таксама адзначыў, што

МВФ не ставіць ніякіх палітычных умоў.
«Перш чым прапаноўваць праграму, мы павінны пераканацца, што выканаўчыя дырэктары падтрымаюць яе, а выканаўчыя дырэктары прадстаўляюць краіны — члены фонду, якіх каля 180. Аднак у ходзе перамоў мы займаемся выключна эканамічнымі пытаннямі», — падкрэсліў Джарвіс.

Паводле яго слоў, МВФ не робіць прагнозаў адносна абменнага курсу. «Нас занепакоіла дэвальвацыя апошнім часам, што было звязана з высокай інфляцыяй.

Неабходна вырашаць праблему інфляцыі, якая спараджае дэвальвацыйныя чаканні», — сказаў Джарвіс.

У МВФ лічаць, што ва ўрада і Нацбанка ёсць інструменты для кантролю дэвальвацыі і інфляцыі. «Гэта станоўчыя ў рэальным выражэнні працэнтныя стаўкі, абмежаванні па бюджэце і крэдытаванні ў рамках дзяржаўных праграм і абмежаванні росту зарплаты», — канкрэтызаваў кіраўнік місіі фонду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?