Беларусы, якія жывуць у Чэхіі хочуць, каб іх прызналі тут у якасці нацыянальнай меншасці. Прэм’ер-міністр Пётр Нечас не бачыць ніякіх перашкод, але хоча пачакаць публікацыі афіцыйных звестак перапісу, калі стане зразумела, колькі беларусаў маюць чэшскае грамадзянства.

Цяпер у Чэхіі жыве некалькі тысяч беларусаў. Яны прыязджаюць сюды ў асноўным у пошуках працы і навучання. Многія з іх атрымалі палітычны прытулак. Самая вялікая група імігрантаў — сярод студэнтаў. У чэшскім Савеце Міністраў ужо даўно ляжыць зварот з просьбай афіцыйнага прызнання беларусаў у якасці нацыянальнай меншасьці.

Закон Чэхіі не рэгламентуе, пры якой колькасці прадстаўнікоў ім даецца статус меншасці.

Кіраўнік Рады ў справах нацыянальных меншасцяў Мілан Поспішыл лічыць, што было б дастаткова і тысячы чалавек. З ініцыятывы прэм’ера Нечаса, беларусаў ужо і цяпер запрашаюць у якасці гасьцей на пасяджэнне Рады.

Чэшскія ўлады належаць да крытыкаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Часта яны аказваюць палітычную і фінансавую падтрымку беларускай апазіцыі. Сёлета іЧэхія дала палітычны прытулак былому кандыдату ў прэзідэнты Алесю Міхалевічу, тут зарэгістраваная арганізацыя «Малады фронт». У Чэхіі дзейнічае некалькі зарэгістраваных аб’яднанняў беларусаў,

аднак прызнанне нацменшасцю забяспечыць ім дзяржаўную падтрымку разьвіцця мовы, культуры і традыцыяў.
У мясцінах з кампактным пражываннем беларусаў яны змогуць патрабаваць, каб іхныя дзеці вучыліся на беларускай мове. Паводле закона, прадстаўнікам нацыянальнай меншасці гарантуецца права карыстацца сваёй мовай ў судах і ўрадавых установах.

На сёння статус меншасцяў маюць у Чэхіі 12 нацыянальнасцяў: балгары, харваты, венгры, немцы, палякі, славакі, сербы, цыгане, закарпацкія русіны, рускія, грэкі, украінцы.

Са зваротам прызнаць іх нацыянальнай меншасцю зьвярнуліся ва ўрад таксама в’етнамцы і армяне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?