Кыргызстан не будзе гатовы ўступіць у Мытны саюз Расіі, Беларусі і Казахстана ў пачатку 2012 года, лічыць выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра рэспублікі Амурбек Бабанаў.

Раней улады Кыргызстана заяўлялі, што пытанне ўступлення рэспублікі ў Мытны саюз можа быць вырашана на высокім узроўні ўжо ў канцы 2011 года.

«Магу дакладна сказаць і абсалютна ўпэўнена заявіць, што 1 студзеня 2012 года мы ў МС не ўступім. Пакуль і мы да гэтага не гатовыя, і МС не гатовы нас прыняць», — заявіў Бабанаў 17 кастрычніка расійскім інфармагенцтвам.

«Праца па нашым уступленні ў МС пакуль знаходзіцца ў наступнай стадыі: мы падалі адпаведную заяўку на ўступленне і сфарміравалі для вывучэння дэталяў гэтага пытання рабочую групу на чале з міністрам эканамічнага рэгулявання Учкунам Ташбаевым. З боку ўдзельнікаў МС такая група яшчэ пакуль не створана. Таму ўзнімаць пытанне на высокім узроўні аб далучэнні Кіргізіі да МС пакуль дачасна», — цытуе Бабанава РІА Новости.

Выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Кыргызстана адзначыў, што рабочыя групы павінны абмеркаваць і ўзгадніць шматлікія пытанні. «У тым ліку і пытанне льготнага перыяду для нашай краіны ў пэўных сектарах эканомікі ў выпадку ўступлення. Мы павінны добра разумець, што пры ўваходжанні Кыргызстана ў Мытны саюз некалькі дзясяткаў тысяч людзей з іх сем’ямі, нават і некалькі сотняў тысяч, застануцца без працы, без сродкаў да існавання. Мы павінны іх працаўладкаваць ці знайсці ім прымяненне ў іншым сектары», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?