29.01.2007 / 15:13

Чужыя праблемы на нашую галаву 2

Мінулай суботай стала вядома пра тое, што Менск наведае прэзыдэнт Ірану Магмуд Агмадынэджад. Удзел у палітычнай рэгіянальнай гульні ў сёньняшніх умовах можа быць небясьпечным для такой краіны як Беларусь.

Мінулай суботай стала вядома пра тое, што Менск наведае прэзыдэнт Ірану Магмуд Агмадынэджад. Пра гэта ў часе прэсавай канфэрэнцыі паведаміў прадстаўнік іранскага МЗС. Нягледзячы на тое, што беларускі бок не даваў аніякіх камэнтароў на гэты конт, варта думаць, што інфармацыя пра візыт сапраўдная і што ўрад Беларусі працягвае разьвіваць стасункі з Іранам, які знаходзіцца ў самым, бадай, праблемным рэгіёне плянэты.

Увесь мінулы тыдзень навіны, так альбо інакш зьвязаныя з Блізкім Усходам ці краінамі мусульманскага сьвету, заставаліся ў топ‑сьпісах навінавых агенцый. Мяцяжы апазыцыі ў Лібане, якія не аціхлі дагэтуль. Супярэчлівая інфармацыя пра ядравую кампанію Ірану, а таксама пляны асваеньня космасу гэтай краінай. Увесь час адбываліся тэракты ў Іраку.

Асноўная праблема ёсьць у тым, што спробы стабілізаваць сытуацыю ў рэгіёне прыводзяць толькі да таго, што стан рэчаў толькі ўскладняецца.

Сёньня ўрады вядучых сусьветных дзяржаў ня могуць выпрацаваць скаардынаваную палітыку што да новага праблемнага рэгіёну, і гэта пагражае даволі сур’ёзнымі пасьледкамі. Да таго часу, пакуль Захад, Кітай і Расея ня выпрацуюць стратэгію, якая задавальняла б усе бакі, гвалт і радыкалізацыя ў мусульманскім сьвеце будуць толькі большаць.

У гэткай сытуацыі ўдзел у палітычнай рэгіянальнай гульні можа быць небясьпечным для такой краіны як Беларусь. Ня сьлед перабольшваць наш міжнародны ўплыў і магутнасьць. Безумоўна, адстойваць уласныя эканамічныя інтарэсы ў Іраку й Іране варта было б, бо гэта абяцае добрыя прыбыткі для нацыянальнай эканомікі. Аднак удзелу ў палітычных разборках між Захадам ды Іранам варта было б унікаць, бо складана сабе ўявіць штосьці горшае за тое, што Беларусь апынецца ўцягнутай ва ўсё больш моцны канфлікт. Паколькі разьвіцьцё падзей выглядае абсалютна непрадказальным, у палітычным пляне Менску варта было б трымацца як мага далей ад чужых спрэчак, каб у выпадку ўзьнікненьня сур’ёзнага вайсковага супрацьстаяньня, якое можа пакінуць межы Азіі, заўжды мець магчымасьць заявіць: «Гэта ня нашая вайна».

Паводле:
Антон Анін, «Ежедневник»

0
сяргей богдан / Адказаць
29.01.2007 / 17:10
толькі не магмуд ён а махмуд ахмадзінэжад.
0
Яўген да Андрусь! / Адказаць
30.01.2007 / 18:52
Прывіты з масковіі Сяргее!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру