Ватыканская газэта «L’Osservatore Romano» назвала прафанацыяй споведзі рэпартаж італьянскага тыднёвіка «L’Espresso», які абапіраецца на сымуляваных размовах з ксяндзамі ў канфэсыянале.

Журналіст часопісу, штораз выдаваўшы сябе за кагосьці, спавядаўся з выдуманых грахоў у 24 касьцёлах на цэлым Апэнінскім паўвостраве.

Рэдакцыя тыднёвіка падала рэпартаж як свайго роду зандаж сярод шараговага духавенства на такія актуальныя і далікатныя тэмы, як эўтаназія, аборты, гомасэксуалізм ці прастытуцыя.

Погляды ксяндзоў не заўсёды супадалі з афіцыйным вучэньнем Касьцёла, аднак заўсёды выказваліся з выключнай шчырасьцю. Тое самае нельга сказаць пра рэпарцёра. І перадусім на гэта зьвяртае ўвагу ватыканская газэта.

«Мы маем справу зь небывалай па значнасьці выхадкай, што пераходзіць межы, вызначаныя кодэксам журналісцкай прафэсіі – сьцьвярджае «L’Osservatore Romano». На думку газэты, журналіст учыніў сьвятатацтва, бо зьняважыў выключны характар месца, якім зьяўляецца канфэсіянал. Разам з тым ён абразіў усіх, хто прыходзіць туды, каб сустрэцца з Боскай міласэрнасьцю, а таксама спавядальнікаў, якія пасярэднічаюць у гэтым.

Справай яшчэ пакуль не заняліся ні прафэсійны саюз журналістаў, ні рада этыкі СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?