Чаку Бэры, аўтару двух тузінаў вечназялёных хітоў, гітарнаму герою, які зрабіў гітару галоўным рок-інструментам, тройчы крымінальніку і проста аднаму з асноўных музыкантаў ХХ стагоддзя сёння споўнілася 85 гадоў.

Johnny B. Good — гітарысты па ўсім свеце любяць асацыяваць сябе з гэтым персанажам, які

«не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, затое граў на гітары».
Дробна нарэзанае сола ў пачатку песні адкрыла для рок-н-рола новую рэальнасць — калі да гэтага рок-н-рол будаваўся на музыцы кантры, паскоранай у некалькі разоў, то цяпер ягонай асновай стаў разгнаны да хуткасці «форда-мустанга» рытм-н-блюз.

За 85 гадоў, амаль 60 з якіх прайшлі на сцэне, у жыцці Чака Бэры было ўсё: ён тройчы трапляў у турму (то запраўку абрабуе, то падаткі забудзецца заплаціць), разагнаў агромністую колькасць гуртоў, некалькі разоў быў забыты і нечакана «вяртаўся ў найлепшай форме».

Пра Чака Бэры ходзіць велізарная колькасць легендаў — самая папулярная такая: у канцы 50-х, абсалютна ўсе гурты спявалі ягоныя песні. Дык вось Чак Бэры, які больш чым дзяўчын любіць толькі грошы, ездзіў на гастролі адзін.

У кожным горадзе ён хуценька знаходзіў гурт, адыгрываў з імі канцэрт (а рэпертуар Бэры ведалі ўсе), і пасля незаўважна разам з уісімі грашыма вылятаў у наступны горад.

У пачатку 60-х рок-н-рольшчыкі пачалі знікаць з гарызонту:

Элвіс быў у войску, Літл Рычард заняўся рэлігійнымі спевамі, Эдзі Кокрэн і Бадзі Холі загінулі, а Чак Бэры сядзеў у турме.
У гэты час да творчасці Чака звярнуліся маладыя брытанскія гурты, якія амаль адразу сталі сусветна значнымі.
The Rolling Stones запісалі штук 15 песняў Бэры
(нават самым першым іх сінглам была бэрыўская Come On), The Beatles спявалі не менш за дзесяць хітоў Чака, астатнія англічане таксама не адставалі.

У Бэры да пачатку 70-х праблем з папулярнасцю не было. Пасля пачаліся шыкоўныя блюзавыя альбомы, але часы змяніліся, і Чак перастаў цікавіць грамадскасць. Ну, не тое каб зусім перастаў, аднак з былой славай гэта не параўнаць.

І раптоўна ў 90-я Квэнцін

Таранціна ў сваім фільме «Крымінальнае чытво» выкарыстоўвае старэнькую песню Чака You Never Can Tell, пад якую танчаць Ума Турман і Джон Траволта.
І вось зноў Чак Бэры апынуўся на верхатуры, дзе знаходзіцца да сённяшняга дня.

Ён дагэтуль выступае. Канешне па сцэне скача менш, аднак спявае ўсё тыя самыя бессмяротныя песні: Johnny B. Good, Sweet Little Sixteen, Roll Over Beethoven, Rock-n-Roll Music, No Particular Place To Go, Carol, Let it Rock і астатнія хіты.

Часам на канцэртах яму становіцца дрэнна, аднак ужо праз месяц на якім-небудзь зборным канцэрце ён з’яўляецца са сваёй фірмовай гітарай і новай дзяўчынай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?