Некаторыя краіны еўразоны хочуць даць рабочай групе Еўракамісіі дадатковыя паўнамоцтвы, якія дазваляюць ёй кантраляваць продаж дзяржаўных актываў Грэцыі і дзейнасць апарата краіны ў межах плану больш пільнага нагляду за Афінамі,
паведамілі Reuters крыніцы з ЕС.

Лідары еўразоны сустрэнуцца ў нядзелю, каб абмеркаваць далейшую дапамогу Грэцыі, і жорсткі кантроль над яе дзеяннямі будзе адным з першых пунктаў парадку дня. Адзін чыноўнік сказаў, што ідэя стараннага нагляду за Афінамі атрымала шырокую падтрымку, бо Грэцыя пакуль не дамаглася бачнага прагрэсу ў сферы прыватызацыі і іншых рэформаў.

Еўракамісія ўжо адправіла некалькі чыноўнікаў у Грэцыю ў складзе «тройкі» Еўрасаюза і Міжнароднага валютнага фонду, якая павінна ацаніць, наколькі паспяхова Афіны дасягаюць эканамічных мэтаў. Акрамя таго, рабочая група Еўракамісіі дапамагае Афінам праводзіць падатковую рэформу і атрымліваць грошы ад структурных фондаў ЕС.

«Маштаб умяшання беспрэцэдэнтны,
 — сказала крыніца. — Калі б там былі вынікі адказнага кіравання, як у Ірландыі, усё было б па-іншаму. Але ў Грэцыі такіх вынікаў няма».

Грэцыя мае атрымаць у лістападзе чарговы фінансавы транш ад ЕС/МВФ на суму 8 мільярдаў еўра і, як чакаецца, неўзабаве атрымае яшчэ адзін шматмільярдны экстраны крэдыт.

Паколькі эканоміка краіны ў стагнацыі, міжнародныя крэдыторы спадзяюцца, што Афіны прададуць дзяржаўныя актывы, такія як парты і энергетычныя кампаніі, каб здабыць грошы. Грэцыя паабяцала, што атрымае 50 мільярдаў еўра да 2015 года, але да гэтага часу ёй удалося прыцягнуць прыкладна 1,3 мільярда еўра праз прыватызацыю.

Іншыя палітыкі, адмовіўшыся каментаваць гэтую спецыфічную прапанову, сказалі, што

ідэя больш строгага нагляду над Афінамі робіцца ўсё больш папулярнай.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?