Старшы следчы следчага аддзела пракуратуры Гомельскай вобласці (па Цэнтральным раёне) Сяргей Кузьмянкоў правёў праверку па скарзе апазіцыянера Канстанціна Жукоўскага на неправамерныя дзеянні міліцыі па яго затрыманні.

Нагадаем, актывіст патрабаваў прыцягнуць да адказнасці міліцыянераў, якія неправамерна яго затрымалі і пры гэтым зламалі нагу.

Жукоўскі быў затрыманы 21 верасня супрацоўнікамі спецназа з ужываннем грубай фізічнай сілы. Ён быў дастаўлены ў ІЧУ, але пасля скаргаў на болі ў галаве і назе яго прывезлі ноччу 21 верасня ў бальніцу — спачатку хуткай медыцынскай дапамогі, а потым абласную. У бальніцах траўмаў у апазіцыянера не выявілі. 22 верасня ён паўстаў перад судом і быў пакараны арыштам на 15 сутак за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы. У гэты ж дзень Жукоўскі зноў, пасля паўторных скаргаў, быў дастаўлены ў бальніцу, дзе ўрачы канстатавалі пералом, прычым дыягназ быў такі: «пералом верхняй траціны правай малагалёначнай косці, без змяшчэння, якая зрастаецца».

Жукоўскі быў упэўнены, што нагу яму зламалі пры затрыманні, і напісаў скаргу ў пракуратуру. У адказе следчага Кузьмянкова гаворыцца: «Фізічная сіла з боку супрацоўнікаў міліцыі ўжыта правамерна, перавышэнняў улады не дапушчана, факт прычынення пры затрыманні пералому не пацвярджаецца». У пастанове следчы спасылаецца на паказанні міліцыянераў, якія сцвярджаюць, што Жукоўскі не скардзіўся на боль у назе. Таксама следчы прыводзіць словы ўрачоў бальніц хуткай дапамогі і абласной, якія сцвярджаюць, што 21 верасня на прыёме апазіцыянер не выказваў скаргаў на нагу і нармальна перамяшчаўся. Урач, які аглядаў Жукоўскага 22 верасня, даў паказанні, што пералом быў, але двухтыднёвай даўніны.

«Гэта значыць, я два тыдні хадзіў, працаваў, прычым цяжка, на будаўніцтве, цягаў цяжкасці, і не ведаў, што ў мяне зламаная нага? Што тут сказаць? Няма ў нас закона, ёсць кругавая парука, і загады вышэйшага начальства. Міліцыя, пракуратура — слугі аднаго спадара, як ім загадалі, так яны і робяць. Надзея толькі на Бога, ён абяцаў, што калі ўлада пачне парушаць свае ж законы, то будзе пакараная, а меч ужо падняты», — лічыць Жукоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?