Праект пагадненьня па перадачы адміністраваньня дамэну .xxx фірме «ICM Registry» быў абвешчаны інтэрнэт-карпарацыяй па справах прысвойваньня назваў і нумароў «ICANN» 5 студзеня. Цягам месяца можна было выносіць заўвагі да праекту. Паводле інфармацыі «The Guardian», аргумэнтаў супраць праекту – большасьць.

Дамэн .xxx, які павінен быў ахоўваць дзяцей ад парнаграфіі ў інтэрнэце, мае праціўнікаў амаль ува ўсіх асяродках, што займаюцца гэтай зьявай. Арганізацыі па барацьбе з парнаграфіяй лічаць, што ўсе спробы легітымізацыі гэтай зьявы прыносяць шкоду. У сваю чаргу рашучыя абаронцы адсутнасьці цэнзуры ў Інтэрнэце мяркуюць, што распараджэньне зьмяшчаць усе старонкі, зьвязаныя з сэксуальнасьцю, на адным дамэне, выклікае стыгматызацыю гэтых зьместаў, якія не заўсёды зьяўляюцца парнаграфічнымі. Таксама часта зьяўляецца аргумэнт, што забаронены плод салодкі, і таму сродак, які мае на мэце абараніць дзяцей ад парнаграфіі, толькі аблегчыць ім доступ да яе.

Абмінаючы, аднак, этычныя аргумэнты, увядзеньне абавязку зьмяшчаць эратычныя старонкі ў дамэне .xxx зьяўляецца, на думку «Guardian», шкодным з чыста эканамічных прычынаў. «ICM Registry» зрабілася б манаполіяй на велізарным, выключна даходным рынку, не ствараючы фактычна нічога новага для абароны дзяцей.

А калі б дамэн .xxx узьнік без увядзеньня адначасна згаданага абавязку? Пэўна, старонкі з парнаграфіяй, якія дзейнічаюць у дадзены момант, не скарысталіся б з гэтай прапановы, бо кошты за зьмену адрасу былі б значна вышэйшымі за карысьць ад такой апэрацыі. Аднак, як лічыць «Guardian», «ICM Registry» мела б гарантаваную выгаду. Чаму?

Напэўна б, да фірмы гуртам завіталі асобы і кампаніі, што спэцыялізуюцца ў спэкуляцыі адрасамі URL. Яны браніруюць інтэрнэт-адрасы, якімі маглі б быць патэнцыйна зацікаўленыя фірмы, а пасьля перапрадаюць іх з адпаведнай выгадай.

Другая група зацікаўленых – гэта якраз карпарацыі, зусім не зьвязаныя з парнаграфіяй. Яны мусілі б забраніраваць адрасы сваіх марак у гэтым дамэне толькі дзеля таго, каб згаданыя вышэй спэкулянты не зрабілі гэтага за іх. Інтэрнэт-адрас, напрыклад, вытворцы цацак у парнаграфічным дамэне меў бы катастрафічныя вынікі для твару фірмы.

Урэшце, адрасамі ў дамэне .xxx маглі б зацікавіцца некаторыя парнаграфічныя фірмы. Выкупленьне такога адрасу яны б трактавалі як страхоўку на той выпадак, калі б усё ж быў уведзены абавязак пераводу старонак у дамэн .xxx.

Ніводная з гэтых матывацыяў не зьвязаная з аховай дзяцей ад парнаграфіі. Кожная ж забясьпечыць фірме «ICM Registry» шматгадовыя даходы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?