Фота і відэа Gaigrodno.by

18 кастрычніка ў вёсцы Квасоўка Гродзенскага раёна ў аварыю трапіла група з пяці студэнтаў, якія вярталіся з практыкі. Як паведамляе ДАІ Гродзенскай вобласці, у канцы вёскі на абазначаным перакрыжаванні «Хонда» са студэнтамі пайшла на абгон ЗІЛа, які паварочваў налева. Легкавік зачапіў грузавую машыну, праехаў на інерцыі каля ста метраў, потым зляцеў у кювет і, зламаўшы некалькі дрэваў, перакуліўся. У аварыі загінула 21-гадовая пасажырка. У зводцы МУС паведамляецца, што дзяўчына была ўраджэнкай Свіслачы. Кіроўца — жыхар Гродна, 1989 г.н.

Студэнты, што трапілі ў аварыю, вучыліся ў Гродзенскім аграрным універсітэце, паведамілі карэспандэнту «НН» супрацоўнікі ВНУ. Загінуўшая студэнтка вучылася на 5-м курсе факультэта аховы раслін. У каментарах да паведамлення пра аварыю на сайце ДАІ Гродзенскай вобласці яе сяброўка піша, што ў дзяўчыны праз месяц мусіла адбыцца вяселле.

Аварыя ў Квасоўцы — трэцяе сур’ёзнае дарожнае здарэнне ў гэтым годзе, у выніку якога гінуць студэнты.

Так, 7 ліпеня на аб’язной дарозе Гомеля гружаны металаломам МАЗ у лабавую сутыкнуўся з легкавым аўтамабілем «Рэно», у якім знаходзілася пяць чалавек — студэнты Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога. Маладыя людзі вярталіся з практыкі. Кіроўцу было 20 год, пасажырам — дзяўчыне і двум хлапцам — па 19. Усе яны загінулі.

30 верасня на 200-м кіламетры аўтатрасы Мінск — Гомель фура пратараніла спадарожны легкавік «Опель Кадэт» з чатырма навучэнцамі аграрна-тэхнічнага каледжа ў Чырвоным Беразе. Двое 17-гадовых пасажыраў «Опеля» загінулі на месцы. Яшчэ адзін 18-гадовы ліцэіст быў сур’ёзна паранены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?