Жыхары Фаніпаля, што ў Дзяржынскім раёне, сутыкнуліся з праблемай падачы вады. Мясцовая ЖКГ папярэдзіла іх, што па тэхнічных прычынах на працягу кастрычніка вада ў жылыя дамы будзе падавацца згодна адмысловага графіка (з 5.00 да 10.30 і 17.00 да 23.00).

Такое рашэнне абурыла фаніпальцаў. На мясцовым сайце адзін з жыхароў напісаў, што камунальнікі не прытрымліваюцца свайго графіка. Іншы наведнік сайта прапанаваў звярнуцца да мясцовых і абласных уладаў, а таксама ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, КДК і Саўмін. Магчыма, гэта мела пэўны эфект, таму што ўжо праз некалькі дзён, 18 кастрычніка, адбылася адмысловая нарада ў старшыні Дзяржынскага райвыканкама, на якую выклікалі начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва райвыканкама Станіслава Доўнара. Ён патлумачыў абмежаванне падачы вады ў Фаніпалі тым, што ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» ў два разы павялічыў забой птушкі — з 35-40 да 75-80 тысяч штук у дзень.

«У дадзеным выпадку мы апынуліся закладнікамі сітуацыі, бо з аднаго боку — шматмільярдная вытворчасць, тэхнічны працэс якой патрабуе павышанага расходу вады, з другога — часовыя нязручнасці для грамадзян»,
цытуе Станіслава Доўнара дзяржынская раёнка «Узвышша».

З нарады ў райвыканкаме вынікае, што камунальныя службы Фаніпаля задзейнічалі ўсе магчымыя рэсурсы — наяўныя свідравіны, якія знаходзяцца ў працоўным стане. Аднак, нягледзячы на тое, што «зроблена ўсё, каб атрымаць максімальную колькасць вады», для поўнага вырашэння праблемы давялося бурыць дзве новыя свідравіны. Фаніпальскія камунальнікі разлічваюць зрабіць гэта да 20-25 лістапада.

На нарадзе стала вядома, што павелічэнне забою курэй планавалася пасля ўвядзення дадатковай свідравіны. Але выглядае, што звышпрыбыткі агракамбіната пераважылі «часовыя нязручнасці» жыхароў Фаніпаля.

***

ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» — аграпрамысловы холдынг. Валодае 14500 га сельгасугоддзяў. Стварае да 2/3 агульнага аб’ёму валавога прадукту Дзяржынскага раёна. Як сцвярджаецца на сайце прадпрыемства, штомесячны прыбытак агракамбіната складае каля 4 млрд рублёў.

Глядзі таксама: Кіраўніцтва агракамбіната «Дзяржынскі» таксама просіць пацярпець.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?