Пасля абвяшчэння курса пачалася прэс-канферэнцыя старшыні праўлення Нацбанка Надзеі Ермаковай.

Нацыянальны банк прагназуе курс даляра да пачатку наступнага года на ўзроўні 7-8 тыс. за 1 даляр. Таксама Ермакова заявіла сёння, што сёлета дэнамінацыі (не блытаць з дэвальвацыяй) не будзе.

Стала вядома, што ў пачатку 2012 года ў звароце з’явяцца купюры 200 тысяч рублёў. Па словах Ермаковай, на купюры намаляваная беларуская архітэктура.

* * *

Пасля вызначэння новых афіцыйныў курсаў замежных валют банкі сталі ўздымаць свае курсы, куплі і продажу. Апошнія дні яны былі заніжаныя.

Напрыклад,

«Франсабанк» адразу ўзняў курс куплі з 7800 да 8350 рублёў.
Сярэдні курс продажу даляра тым часам дапоўз да 8700 рублёў, але ніжэйшая прапанова ўсё яшчэ складае 8550 рублёў.

* * *

Аб’ём таргоў быў невялікім. Напрыклад, папярэдняя прапанова даляра складала $23,188 мільёна, попыт — $19,532 мільёна. У выніку аб’ём таргоў склаў $23,165 мільёна.

* * *

Cярэдні заробак у Беларусі апусціўся ніжэй за $230. З улікам абвешчанага росту тарыфнай стаўкі першага разраду заробак можа падрасці, але, відаць, не перавысіць 300 даляраў да канца года.

* * *

Дэвальвацыя апусціла цану бензіну АІ-92 да $0,57 за літр, а дызельнага паліва да $0,62. У бліжэйшы час варта чакаць новага істотнага падаражэння

* * *

Дэвальвацыя дасягнула 190% ад пачатку года. Сумны рэкорд дзесяцігоддзя.

У параўнанні з учора аднаразовая дэвальвацыя склала 50,9%. Нагадаем, у маі дэвальвацыя было большай, на 54%.

* * *

Курс даляра спыніўся на ўзроўні 8680 рублёў. Таргі пачаліся з учорашняга курса дадатковай сесіі — 8 790 рублёў.

Еўра — 11 900 рублёў.

* * *

Курсы ў абменніках ураніцы спікіравалі ўніз. Цяпер даляр можна здаць максімум за 8260 рублёў («Банк Масква-Мінск»). Астатнія банкі прапануюць 7800–8200 рублёў. Набыць амерыканскую валюту можна ў «Тэхнабанку» па 8580 рублёў, астатнія трымаюць курс 8600–8800 рублёў. Не ведаючы, чаго чакаць ад таргоў, банкі выстаўляць розніцу паміж курсамі куплі і продажу 600–700 рублёў.

* * *

Афіцыйны курс даляра (на 20.10.2011) — 5712 рублёў.

Курс даляра на дадатковай сесіі (на 19.10.2011) — 8790 рублёў.

Розніца паміж імі — 54%.

Вось з такімі нажніцамі краіна падышла да 20 кастрычніка. Менавіта 20-га на рынку назіраецца штомесячны пік прапановы валюты — гэта крайні тэрмін сплаты падаткаў прадпрыемствамі. І акурат на гэты самы зручны для рубля момант лукашэнкаўцы прызначылі пераход на адзіны курс. Не па сваёй волі: пад ціскам МВФ і Расіі. Крэдыторы «самай паспяховай мадэлі» Еўропы паставілі аб’яднанне курсаў найпершай умовай. Справа ў тым, што

ў сітуацыі двайнога курсу складаліся ідэальныя ўмовы для ўзбагачэння асобаў, дапушчаных да размеркавання фінансавых плыняў.

Але пераход на адзіны курс не азначае поўнай лібералізацыі валютнага рынку. Улады могуць па-ранейшаму селектыўна дапускаць суб’екты гаспадарання да ўдзелу ў таргах. У той жа час урад мае неабмежаваныя магчымасці «ўплыву» на экспарцёраў — большасць з іх гэта дзяржаўныя прадпрыемствы. Таму не памылімся, калі скажам, што і

новы «рынкавы» курс установяць для краіны лукашэнкаўцы, на аснове нейкіх уласных разлікаў.

У сераду ў Пецярбурзе

прэм’ер Мясніковіч прызнаў перад Пуціным: Беларусь «ідзе да лібералізацыі» валютнага рынку, але яшчэ не ажыццявіла яе. Лукашэнкаўцы так лёгка не аддадуць рэсурс доступу да валюты.
Зрэшты, і мізэрнасць золатавалютных рэзерваў краіны вымагае пэўнага кантролю: пры малой падушцы запасаў рубель мог бы лёгка стаць ахвярай фінансавых спекуляцый, дый проста панікі.

Тым не менш, лукашэнаўцы вымушаныя прызначыць рэалістычны курс. Іначай чорны рынак заквітнее зноў, як тое было ўлетку гэтага года.

З 20 кастрычніка валютныя таргі будуць праходзіць у рамках адной сесіі. Веснікам лібералізацыі ў чарговы раз стаў віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас.
«На адзінай гандлёвай сесіі, гэтак жа, як цяпер на дадатковай, будзе гнуткае курсаўтварэнне — у залежнасці ад попыту і прапановы, — абяцае ён. — Урад і Нацбанк дазваляюць курсу намацаць раўнаважкае значэнне, пры якім попыт і прапанова будуць роўныя. Каб экспарцёрам было цікава прадаваць валюту, а імпарцёрам купляць. Гэта значыць ні ў якой ступені дзяржава не будзе адміністрацыйна ўмешвацца ў курсаўтварэнне», — кажа Румас.

Перад заявай віцэ-прэм’ера курс рос з шалёнай хуткасцю і па стане на пятніцу дасягнуў рэкордных 9010 рублёў. Абяцанне віцэ-прэм’ера чакана выклікала зніжэнне попыту на валюту на дадатковай сесіі, умацаваўшы рубель да 8790 у сераду.

Лагічна, што кампаніі не хацелі купляць «дарагую» валюту, калі, як мяркуецца, з 20 кастрычніка можна будзе набыць параўнальна танную. Нагадаем, што 30% ад валютнай выручкі экспарцёры ўсё яшчэ вымушаныя прадаваць па нізкім курсе. Цяпер такі абавязак будзе зняты.

Апроч таго, нарэшце будзе адменены падатак на розніцу курсаў. Юрасобы, якія куплялі даляр на біржы па 9000 рублёў, мусілі сплаціць падатак на розніцу паміж афіцыйным і біржавым курсам.

Чаканні абвастрыла заява Лукашэнкі пра будучы рост рубля. Праўда, кіраўнік краіны такія заявы паўтарае ад красавіка, і пакуль гэта мала перасякалася з рэчаіснасцю.

Выцекаў інфармацыі пра новы курс рубля не было.

Нагадаем, што перад першай дадатковай сесіяй усе чакалі рэзкага зніжэння курса, а ён аказаўся больш як на 1000 рублёў вышэйшы за тагачасны курс чорнага рынку.
14 верасня, у першы дзень таргоў, біржавы курс даляра склаў 8600 рублёў. Пасля рубель умацоўваўся, а ўрэшце папоўз уніз, абагнаўшы нават стартавы ўзровень.

Тым не менш, валюта ў абменніках з’явілася. Сайт Пракапові.ч канкурэнцыі з банкамі не вытрымаў.

Тое, што адносна сённяшніх таргоў пэўна: новы курс фактычна азначае новую дэвальвацыю рубля. І за ім непазбежна прыйдзе новы віток росту цэн.
Перадусім за кошт падаражэння газу. Раней валюта для яго набыцця куплялася па 5500 рублёў, а цяпер будзе купляцца за рынкавым курсе. Можна чакаць падаражэння паліва, транспартных паслуг, камунальных плацяжоў. Краіне не ўдаецца выйсці з дэвальвацыйнай спіралі. Магчыма, хвароба так запушчана, што дапамагчы можа толькі шокавая тэрапія.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?