30.01.2007 / 09:09

Паляваньне на беларушчыну 8

«Міліцыянты запатрабавалі, каб я зь імі размаўляў па‑расейску. Я адмовіўся. Пасьля гэтага яны пачалі мяне зьбіваць, кажучы, каб я размаўляў па‑расейску…»

Сябры незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» адзначаюць, што апошнім часам пачасьціліся выпадкі, калі прадстаўнікі ўлады перасьледуюць іх за размовы па‑беларуску.

Пачасьціліся выпадкі, калі супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць на менскіх вуліцах маладых людзей, калі чуюць ад тых беларускую мову. Міліцыянты патрабуюць паказаць, што ў заплечніку і кішэнях. Забіраюць значкі «За свабоду» і «Я люблю Беларусь».

Актывістка незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Наста Палажанка згадвае, што ў часе так званай «зачысткі» пасьля разгону акцыяў міліцыянты ў цывільным прыслухоўваюцца да маладых людзей і хапаюць тых, хто размаўляе па‑беларуску.

Палажанка: «Мы ўсе размаўляем па‑беларуску. Нам вельмі шкада — надышоў такі час, калі беларуская мова зьяўляецца паказчыкам палітычных поглядаў, а не этнічнай прыналежнасьці».

Лідэр незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Зьміцер Дашкевіч на спатканьні з бацькамі казаў, што яго папярэдзілі, каб не размаўляў па‑беларуску. Інакш абяцалі датэрмінова спыніць спатканьне. Маці Зьмітра Вольга Дашкевіч паведаміла «Свабодзе»:

Дашкевіч: «Кажа, што забаранілі. Пытаемся: а чаму?. Казаў, што папярэдзілі, калі, маўляў, будзеш размаўляць па‑беларуску, то спатканьне спынім ці, наагул, ніколі не сустрэнецеся. Казаў, што па‑расейску ўжо амаль не разумее. Зьміцер казаў ахоўнікам, што ў нас у Канстытуцыі запісана, што дзьве дзяржаўныя мовы, расейская і беларуская — і размаўляй на якой хочаш. Яму казалі: «Цябе гэта ня тычыцца. Ты не на свабодзе, а тут. У Канстытуцыі ты абмежаваны. Так што, даражэнькі, не выстаўляй тут сваіх правоў». А ён кажа: «А я й не выстаўляю, а папросту размаўляю на роднай мове».

Намесьнік кіраўніка шклоўскай папраўчай калёніі Сяргей Ермаліцкі аспрэчвае інфармацыю Дашкевічаў:

Ермаліцкі: «Яму казалі, каб не размаўляў на замежных мовах, на ангельскай… Гэта ня я казаў, гэта кантралёры казалі, каб не размаўляў на нямецкай і ангельскай мовах. Кантралёр абавязаны давесьці да ведама сваякоў і асуджанага, што на замежнай мове размаўляць забаронена на кароткачасовым спатканьні».

Адміністрацыя калёніі вынесла Зьмітру Дашкевічу два папярэджаньні за парушэньне правілаў унутранага распарадку. Першае — за тое, што надзеў камізэльку; другое — за тое, што на шпацыры адышоўся на некалькі крокаў убок. Днямі яго перавядуць у штрафны ізалятар.

Лідэр аршанскай філіі «Маладога фронту» Сяржук Гумінскі распавёў, што 10 студзеня міліцыянты пачалі яго зьбіваць у пастарунку пасьля таго, як ён адмовіўся гаварыць па‑расейску.

Гумінскі: «Міліцыянты запатрабавалі, каб я зь імі размаўляў па‑расейску. Я адмовіўся. Пасьля гэтага яны пачалі мяне зьбіваць, кажучы, каб я размаўляў па‑расейску. Казалі: «Размаўляй як пацан». Я ім казаў, што маю права, а, калі ім не падабаецца, то няхай запросяць перакладчыка. Пасьля гэтага мяне зноў зьбілі разы тры».

Актывісты «Маладога фронту» ў Бабруйску распавялі, што ў часе затрыманьня міліцыянты забаранілі ім гаварыць на роднай мове. Яны казалі: «Гаварыце па‑людзку».

Любоў Лунёва, Радыё Свабода

Ілюстрацыя — фрагмэнт плякату Уладзімера Крукоўскага (павяліцыць)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Amatar rodnaga kraju / Адказаць
30.01.2007 / 11:41
Упартыя пацаны, гэтыя беларусы. Адны другім ой любяць свае прынцыпы выстаўляць. Што пад час войнаў прыводзіць да забойства (пагібелі) – чытай гісторыю святых Язафата Кунцэвіча, Андрэя Баболі, Афанасія Філіповіча (канфесія не мае значэння: адзін уніят, адзін каталік, адзік праваслаўны). А пакуль не вайна, дык так – па пячонках – і ўцякай. Будзеш адстойваць свой прынцып (перад кім?) – яшчэ раз па пячонках.
0
Наведніца / Адказаць
30.01.2007 / 22:52
Пры новай уладзе - напісаў дыктоўку па-беларуску зь мінімумам памылак - атрымаў гарэлку.
0
Лагодніч / Адказаць
31.01.2007 / 22:44
Хопіць ужо цярпець невыносны здзек і прыніжэнне усяго беларускага. Мне, што вырасла у беларускамоўным асяроддзі, у якім вакол мяне гучала такая мяккая. мілагучная родненькая мова. проста дзіка і невыносна бачыць. што адбываецца зараз на нашай Радзіме. Адусюль даносяцца брыдкія, брудныя расейскія лаянкі, не прайсці па вуліцы. Я хачу слухаць песні і тэлебачанне на маей роднай мове. Беларусы, не дапусцім знішчэння нацыі, яе этна, лінгва і гэнацыду. Давайце выйдзем на масавыя акцыі пратэсту з патрабаваннем вярнуць нашу мову ва усе cфэры жыцця. Давайце напішам у міністэрствы адукацыі. інфармацыі. культуры і г.д. афіцыйныя заявы з тымі ж патрабаваннямі і пашлем заказнымі пісьмамі з уведамленнем аб атрыманні. Павінны адказаць за месяц. Калі нічога не зробяць. каб беларусізаваць усе, звернемся з адказамі на нашы заявы у міжнародныя арганізацыі па правах народаў са скаргамі на дыскрымінацыю па нацыянальнай прыкмеце, на моўны апартэід. разам, у яднанні мы пераможам ворагаў беларускасці.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру