Прадпрыемствы АПК Беларусі маюць намер павялічыць пастаўкі сертыфікаванай у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі прадукцыі на еўрапейскі рынак, паведаміў у інтэрв’ю карэспандэнту БЕЛТА міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Русак.

Паводле яго слоў, Беларусь можа штогод экспартаваць у Еўропу 500 млн. штук яек, каля 3 млн.т малочных вырабаў (цвёрдых сычужных сыроў, сметанковага масла, натуральнамалочнай і іншай прадукцыі).

Цяпер перапрацоўчыя прадпрыемствы прадаюць амаль палавіну выпускаемай прадукцыі на экспарт, прычым не толькі ў расійскія рэгіёны. На большасці прадпрыемстваў галіны праведзена рэканструкцыя, укаранёны сістэмы менеджменту якасці ІСО 9000, бяспекі харчовых прадуктаў на аснове прынцыпаў НАССР. Многія маюць спецыяльны экспартны ветэрынарны нумар.

Леанід Русак звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што якасць беларускай прадукцыі высока ацэньваюць міжнародныя эксперты Субрэгіянальнага бюро ФАО (Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН). Яны прыбылі 28 студзеня ў Мінск правесці ацэнку прадпрыемстваў галіны. Галоўнай адметнай асаблівасцю беларускай прадукцыі эксперты назвалі выкарыстанне толькі натуральнай сыравіны, адсутнасць кансервантаў і штучных заменнікаў. Тым не менш, беларускім вытворцам трэба будзе яшчэ папрацаваць над упакоўкай і дызайнам вырабу. Акрамя таго, неабходна павысіць патрабаванні да якасці сыравіны, сертыфікаваць увесь цыкл вытворчасці не толькі на перапрацоўчых прадпрыемствах, але і на фермах і комплексах, адкуль перапрацоўшчыкі атрымліваюць сыравіну.

З улікам гэтага Мінсельгасхарч звярнуўся ў Субрэгіянальнае бюро ФАО перапрафіляваць праект «Стварэнне магчымасцей па павелічэнню аб’ёмаў экспарту беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў краіны ЕС» у праект «Стварэнне сістэмы кантролю паказчыкаў бяспекі прадуктаў харчавання, адпаведнай патрабаванням сусветнага гандлю». Рэалізацыя гэтага праекта дасць магчымасць павялічыць пастаўкі сертыфікаванай і канкурэнтаздольнай прадукцыі на еўрапейскі рынак, лічыць Леанід Русак.

У час рабочага візіту ў Беларусь экспертаў ФАО, які прадоўжыцца да 31 студзеня, прадстаўнікі гэтай міжнароднай арганізацыі наведаюць агракамбінаты «Ждановічы» і «Дзяржынскі».

Ілюстрацыя з сайту Enterprise Plc

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?