«Лістапад-2011» адкрые фільм Андрэя Звягінцава «Алена»
Чакаецца прыезд здымачнай групы карціны на чале з расійскім рэжысёрам.
XVIII Мінскі міжнародны кінафестываль (ММКФ) «Лістапад» адкрые фільм Андрэя Звягiнцава «Алена», паведамілі ў аргкамітэце форуму.
Чакаецца прыезд здымачнай групы карціны на чале з расійскім рэжысёрам.
«Алена» — трэці поўнаметражны фільм Андрэя Звягiнцева, які выклікаў рэзананс яшчэ да выхаду ў кінапракат. Міжнародная прэм’ера фільма адбылася на 64-м Канскім кінафестывалі, дзе карціна была ўдастоена спецыяльнага прыза журы конкурснай праграмы «Асаблівы погляд». Галоўныя ролі ў драме выканалі Андрэй Смірноў, Надзея Маркіна, Алена Лядава, Аляксей Розін, Ігар Агурцоў, Яўгенія Конушкіна.
Фільм «Алена» будзе паказаны ў дзень адкрыцця фестывалю — 5 лістапада — у Палацы Рэспублікі.
Адкрыццю міжнароднага форуму будзе папярэднічаць чырвоная дывановая дарожка, на якую выйдуць вядомыя айчынныя і замежныя кінематаграфісты.
Праграма «Лістапада-2011» складаецца з трох секцый: гульнявога, дакументальнага і дзіцячага кіно, якое будзе прадстаўлена публіцы на двух конкурсах — асноўным і конкурсе маладога кіно. Таксама запланавана шырокая праграма пазаконкурсных паказаў.
У асноўны конкурс увойдуць фільмы-ўдзельнікі і прызёры міжнародных кінафестываляў з краін СНД, Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Конкурс фільмаў «Маладосць на маршы» прадставіць калекцыю яркіх, наватарскіх работ маладых аўтараў з розных краін і кантынентаў, якія заваявалі сусветнае прызнанне.
XVIII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» прадоўжыцца да 12 лістапада. Заснавальнікі форуму — Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Белтэлерадыёкампанія, Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», Беларускі відэацэнтр, Беларускі саюз кінематаграфістаў.-
БелТА
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ