20.10.2011 / 21:37

Пракуратура прызнала законным збіццё зняволеных у Глыбокім 2

Па даручэнні Генеральнай пракуратуры Беларусі следчым аддзелам пракуратуры Віцебскай вобласці праведзена праверка па публікацыях у інтэрнэце і зваротах грамадзян аб фактах супрацьпраўнага прымянення супрацоўнікамі папраўчай калоніі ў Глыбокім фізічнай сілы і спецсродкаў у дачыненні да шэрагу асуджаных, якія нібыта мелі месца. Нагадаем, аб інцыдэнце, які адбыўся ў чэрвені, праз два месяцы грамадскасці расказалі былыя зняволеныя папраўчай установы.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, праверкай устаноўлена, што шэраг асуджаных, якія падтрымліваюць крымінальныя традыцыі і ўтрымліваюцца ў памяшканнях камернага тыпу за неаднаразовыя парушэнні парадку адбывання пакарання, з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі ў калоніі вылучалі адміністрацыі патрабаванні, якія супярэчаць заканадаўству, напрыклад аб зняцці з акон камер кратаў-жалюзі; дазволе дзяжурства па камеры па жаданні асуджанага; магчымасці выбіраць камеры для ўтрымання самастойна; прадастаўленні штодзённай прагулкі звыш устаноўленага заканадаўствам часу і іншыя.

Асуджаныя заявілі, што ў выпадку невыканання іх патрабаванняў яны будуць учыняць акты членашкодніцтва.

Супрацоўнікі калоніі растлумачылі асуджаным, што іх патрабаванні неправамерныя, супярэчаць устаноўленаму парадку адбывання дысцыплінарнага спагнання ў штрафных памяшканнях, а заявы аб намеры ўчыняць акты членашкодніцтва супрацьпраўныя і каральныя. Акрамя таго, да ведама асуджаных было даведзена, што ў выпадку нязгоды з дзеяннямі адміністрацыі яны маюць права абскардзіць іх ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

На гутаркі прафілактычнага, тлумачальнага і выхаваўчага характару, якія штодзённа праводзіліся адміністрацыяй калоніі, асуджаныя не рэагавалі.

У паведамленні Генпракуратуры ўказваецца, што, разлічваючы на дэстабілізацыю абстаноўкі ў калоніі, асуджаныя Л., М., К., Ч., Р., учынілі акты членашкодніцтва, заклікалі да гэтага і іншых асоб. Асуджаныя Р., Х., К., К. паддаліся на правакацыю і таксама заявілі аб намеры ўчыніць акты членашкодніцтва, пры гэтым яны знаходзіліся ў вельмі ўзрушаным стане, выказвалі пагрозы прычынення шкоды не толькі свайму здароўю, але і здароўю супрацоўнікаў адміністрацыі. У руках асуджаных знаходзіліся лёзы ад аднаразовых станкоў.

На неаднаразовыя і настойлівыя законныя патрабаванні супрацоўнікаў калоніі выдаць лёзы, іншыя забароненыя прадметы і спыніць супрацьпраўныя дзеянні асуджаныя адказалі адмовай, пры гэтым заклікалі іншых асуджаных учыняць акты непадпарадкавання адміністрацыі.

Таму, як гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры, з мэтай прадухілення супрацьпраўных дзеянняў асуджаных і захавання парадку ва ўстанове да іх у адпаведнасці з заканадаўствам былі прыменены фізічная сіла і спецсродкі. Пасля гэтага асуджаныя добраахвотна выдалі лёзы і выказалі гатоўнасць выконваць усе законныя патрабаванні адміністрацыі.

«Вынікі пракурорскай праверкі сведчаць аб тым, што зыходзячы з рэальнай абстаноўкі прымяненне фізічнай сілы і спецсродкаў у дачыненні да названых асуджаных было абгрунтаваным, неабходным і законным, паколькі стабілізаваць правапарадак у калоніі іншым спосабам не ўяўлялася магчымым», — гаворыцца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры.

У сувязі з гэтым следчым аддзелам пракуратуры Віцебскай вобласці і была вынесена пастанова аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў ПК-13, якія спынілі супрацьпраўныя дзеянні асуджаных.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

0
Крывіч / Адказаць
20.10.2011 / 21:54
Ага, тых палітзняволеных, якія не хочуць выходзіць на свабоду таксама чакаюць спецсродкі!
0
Таша / Адказаць
21.10.2011 / 09:49
Усё хлусня! Як і вакол! Яны, можа, калі-небудзь і праўду напішуць, толькі веры ім няма ніякай
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру