25 студзеня

Адліга

Крымінальная справа ў дачыненьні да актывіста незарэгістраванай моладзевай арганізацыі «Малады Фронт» Сержука Гумінскага зачыненая праз адсутнасьць доказаў. Пра гэта яму паведамілі ў аршанскай міліцыі.

12 студзеня яму прад’явілі афіцыйнае абвінавачаньне паводле арт. 314 «Псаваньне дзяржаўнай маёмасьці» нібыта за выкананьне графіці ў горадзе. Перад мясцовымі выбарамі малады чалавек быў зьбіты супрацоўнікамі міліцыі і адсядзеў трое сутак арышту.

Свабода друку

У Нясьвіжы мясцовае аддзяленьне «Менаблсаюздруку» адмовілася прадаваць у сваіх кіёсках недзяржаўную газэту «Нясьвіжскі час».

У гэтым годзе выданьне ўжо адмовіліся рэалізоўваць гандлёвае прадпрыемства «Нясьвіжскі гархарчпрамгандаль» і крама «Новае месца». З гэтай прычыны наклад газэты зьнізіўся з 2100 асобнікаў да 1700. Праз шапікі «Саюздруку» рэалізоўвалася 250 асобнікаў газэты.

Зьнялі зь цягніка

Старшыню Рады моладзі БНФ Алеся Каліту зьнялі зь цягніку, на якім ён накіроўваўся ў Вільню. На памежнай станцыі Гудагай памежнікі канфіскавалі ў яго партатыўны кампутар і флэш‑карту.

Свае дзеяньні памежнікі патлумачылі ўказаньнямі правяраць грамадзянаў памежнымі войскамі з мэтаю выяўленьня матэрыяльных носьбітаў са шкоднай для беларускага грамадзтва інфармацыяй.

Цягнуць з рэгістрацыяй

Міністэрства юстыцыі Беларусі патрабуе дадатковыя дакумэнты па ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партыяў (СЛП), што адбылася ў Чарнігаве 17 студзеня. Адпаведны ліст за подпісам кіраўніка ўпраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў Міністэрства юстыцыі Алега Сьліжэўскага прыйшоў у офіс Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ). Мінюст запрасіў рэгістрацыйныя пратаколы дэлегатаў канфэрэнцыі, пратаколы кіруючых органаў партыяў, што ўваходзяць у СЛП, аб прыняцьці рашэньняў па стварэньні Саюза, пратакол аб стварэньні аргкамітэтк і «іншыя тэхнічныя дакумэнты».

26 студзеня

Статкевіч адведаў бацьку

Лідэру сацыял‑дэмакратаў Мікалаю Статкевічу, які адбывае «хімію» ў Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці, упершыню за паўгоду дазволілі наведаць хворага бацьку ў Баранавічах. Палітыка не выпускалі з інтэрнату на навагоднія сьвяты. 26 студзеня позна ўвечары Статкевічу дазволілі пайсьці ў адпачынак да панядзелка.

Не пусьцілі

Кшыштаф Путра меўся наведаць Горадню і сустрэцца з актывістамі апальнага Саюзу палякаў. Аднак на мяжы, без тлумачэньня прычынаў, яго павярнулі назад.

Заступіліся

Упраўленьне справамі прэзідэнта паведаміла РГА «Беларускі Хельсінскі Камітэт» (БХК), пра скасаваньне бестэрміновай дамовы арэнды офісу Камітэту і запатрабавала вызваліць памяшканьне. Страта юрыдычнага адрасу недзяржаўнай арганізацыяй можа прывесьці да яе ліквідацыі, як юрыдычнай асобы. БХК ня мае запазычанасьці па аплаце арэнднай платы і ў адпаведнасьці з законам мае пераважнае права на падаўжэньне або перазаключэньне дамовы арэнды таго самага памяшканьня. У адмысловай заяве Міжнародная Хельсінская Фэдэрацыя назвала нежаданьне арэндадаўцы падоўжыць дамову «палітычна матываваным» і заклікала ўлады падоўжыць арэнду.

Ня варта гаварыць па‑беларуску

Бацька палітвязьня Вячаслаў Дашкевіч паведаміў, што супрацоўнікі калёніі папярэджвалі Зьмітра, каб ён не размаўляў у часе спатканьня па‑беларуску. У адваротным выпадку яны пагражалі перапыніць спатканьне. На спатканьні высьветлілася, што палітвязень атрымлівае далёка ня ўсе лісты, якія яму дасылаюць. Ягоныя бацькі таксама з 9 лістоў Зьмітра атрымалі толькі два.

27 студзеня

Казулін зь сям’ёй

Гэта было першае доўгатэрміновае спатканьне палітзьняволенага зь сям’ёй з моманту звальненьня. А. Казуліна наведалі жонка Ірына з дочкамі Вольгай і Юляй. Спатканьне доўжылася 3 дні.

29 студзеня

Мілінкевіча палохаюць

Лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч абавязаны да 10 лютага выплаціць 4 мільёны 650 тысяч рублёў штрафу, прысуджанага яму судом Кастрычніцкага раёну Менску нібыта за «наўмыснае незаконнае перасячэньне мяжы». Разам з копіяй судовай пастановы, Аляксандар Мілінкевіч атрымаў папярэджаньне аб абавязковай выплаце да 10 лютага сумы штрафа. У адваротным выпадку, яму пагражае забарона на выезд зь Беларусі. Суд адбываўся ў адсутнасьць Мілінкевіча, які даведаўся пра працэс, знаходзячыся з візытам у Літве, дзе сустракаўся з міністрам замежных справаў гэтай краіны.

КХП‑БНФ адмовілі

Вярхоўны суд адмовіў Сойму Кансэрватыўна‑хрысціянскай партыі – БНФ ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па факце фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 г.

Падставай для звароту ў Вярхоўны суд сталі словы Аляксандра Лукашэнкі на прэс‑канфэрэнцыі з украінскімі журналістамі 23 лістапада 2006 года пра фальсыфікацыю выбараў. У адказе Вярхоўнага суду сказана, што разгляд заявы не знаходзіцца ў кампэтэнцыі Вярхоўнага суду Беларусі, паведаміў Ю.Беленькі. Паводле яго словаў, КХП‑БНФ не мае намеру спыняцца на такім адказе: на чарзе запыт у Вярхоўны суд з просьбай растлумачыць, якія органы маюць права ўзбуджаць крымінальную справу па факце фальсыфікацыі выбараў.

30 студзеня

Ня стой пад партрэтам

Жыхароў Сьветлагорску Натальлю Бордак і 17‑гадовага Арсеня Ягорчанку затрымалі па падазрэньні ў вывешваньні партрэту палітвязьня Казуліна. Затрыманьне праводзілі міліцыянты Яўген Кісьлякоў і Яўген Фей. Нагодай для затрыманьня было тое, што Натальля і Арсень стаялі побач са сьцяною, на якой вісеў здымак Казуліна. Па словах затрыманых міліцыянты правялі ў адсутнасьць панятых надгляд асабістых рэчаў, а Ягорчанку сяржант Кісьлякоў нібыта яшчэ й добра патоўк. У пастарунку затрыманыя правялі дзьве гадзіны, іх пыталіся, што яны рабілі каля партрэта Казуліна. Пацярпелыя зьвярнуліся ў раённую пракуратуру з просьбай праверыць правамернасьць дзеяньняў міліцыянтаў.

«Гомельская праўда» прыносіць прабачэньні

Абласная газэта «Гомельская праўда» пагадзілася без працэдуры судовага разьбіральніцтва апублікаваць абвяржэньне абразьлівых зьвестак у дачыненьні да старшыні Гомельскай гарадзкой арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Толчына. Гэтыя зьвесткі былі надрукаваныя напрыканцы мінулага году ў артыкуле «А вы, друзья, как ни садитесь…» за аўтарствам нейкага Пятра Кузьміна. Андрэй Толчын зьвярнуўся ў суд Чыгуначнага раёну з пазовам да «Гомельскай праўды». Судзьдзя Крупадзёраў прапанаваў бакам ўрэгуляваць спрэчку мірным чынам. Як высьветлілася, аўтарам таго артыкулу апынулася прадстаўніца газэты Алена Аленчанка. Рэдакцыя газэты пагадзілася апублікаваць абвяржэньне ды прынесьці прабачэньне партыйнаму актывісту. Ад спагнаньня з «Гомельскай праўды» ды аўтара грашовай кампэнсацыі за маральную шкоду актывіст АГП адмовіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0