Менск наведаў таварыш Зюганаў. Лідэр КПРФ стварае ідэальны фон для піяру, закліканага давесьці свайму і расейскаму "цьвёрдаму" электарату, што пра нейкія ўцёкі Лукашэнкі на Захад могуць плявузгаць толькі ворагі.

Натуральна, прагучала багата рыторыкі на тэму "Мы заўжды былі і будзем разам з расейскім народам" (даруйце, гісторыкі!).

І ўсё ж праз гэтыя напластаваньні ражном вытыркнулася тэза-хіт апошняга часу: мы надта доўга ляцелі на адным крыле!

Гэтая мэтафара сымбалізуе новую лінію паводзінаў афіцыйнага Менску на міжнароднай арэне. Вырашана балянсаваць між Масквой і Захадам.

Тут ёсьць свой разьлік. Колькі б Пуцін ні братаўся з Бушамі-Блэрамі, заходнія палітыкі ўсё адно будуць касавурыцца на вялікую эўразійскую краіну зь вельмі кіраванай дэмакратыяй ды энэргетычным дручком. Між Расеяй і Брусэлямі-Вашынгтонамі яшчэ доўга, калі не заўжды, будзе існаваць недавер, будуць тлець супярэчнасьці.

Вось на іх можна і гуляць.

Аналітык Валер Карбалевіч нагадвае, што падобную геапалітычную мадэль скарыстоўвалі ў эпоху халоднае вайны Югаславія ды Румынія.

Але ж цяпер, дзякуй богу, трохі іншая эпоха. Ды і гульня ня надта хітрая.

Па-першае, гаспадар сустрэчы зноў не ўтрымаўся ад камянёў ў крамлёўскі гарод. А там і так закусілі губу.

Па-другое, і ў Брусэлях-Страсбурах ня лыкам шытыя.

"У Эўропе разумеюць, што адзін і той самы тавар Менск хоча прадаць адначасна двум пакупнікам, — зазначае Карбалевіч. — Захаду ён жадае збыць па выгаднай цане свой канфлікт з Расеяй, а Маскве — свой, так бы мовіць, раман з Эўразьвязам".

Раман, вядома, вельмі ўмоўны. Бо айчыннае кіраўніцтва наадрэз адмаўляецца дапускаць дэмакратызацыю хаця б у гамэапатычных дозах.

"Я добра ведаю, як мяне ўспрымаюць на Захадзе і чаго Захад ад нас хоча", — паведаміў гаспадар суразмоўцу-камуністу. І запэўніў: "Я ні з кім не фліртую. Я проста прапаную: давайце вы гэтую каменную сцяну разбурайце...".

Канешне, таварыш Зюганаў можа быць спакойны: сінявокая рэспубліка не прадалася праклятым буржуінам.

Іншая рэч, што ўзьнікаюць вялікія пытаньні датычна лётных якасьцяў старой беларускай мадэлі з пасьпешліва прыкручаным другім крылом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?