22.10.2011 / 11:44

Трэш: чаго варта чакаць у раённай гасцініцы? 12

Вам пашанцуе толькі калі ўдасца засяліцца ў «выканкамаўскі люкс».

Фотаздымкі з гасцініцы «Проня», што ў Горках, ускалыхнулі інтэрнэт. Многія тады казалі, што праблема сапраўды ёсць, але хто ў тыя Горкі заязджае? Насамрэч падобная сітуацыя адбываецца і ў гасцініцах, размешчаных у самых турыстычных гарадах Беларусі.

Сёлета мы адправілся з вандроўкай па паўночнай частцы Заходняй Беларусі. Паставы, Браслаў, Мёры, Верхнядзвінск, Глыбокае – з поўнай адказнасцю кажу, што тут ёсць, на што паглядзець. Але для турыста важныя не толькі архітэктурныя помнікі, але і ўмовы для пражывання ў гэтых самых гарадах.

Убачыўшы раённыя гасцініцы аднойчы, вяртацца туды больш не захочацца.

Выгляд пакоя. На ложку – абавязкова велізарны інвентарны нумар. Бялізна часоў СССР

Пра чысціню прыбіральні казаць не даводзіцца. З прадметаў гігіены – ужо пачаты рулон туалетнай паперы

У такім стане вакно. Выгляд, дарэчы, на райвыканкам. Цікава, ці здагадваюцца там пра праблемы гасцініцы?

Падлогу тут не змянялі даўно. Зрэшты, як і мэблю

Нумар у Нясвіжы больш нагадвае пакой ў піянерскім лагеры

Прыбіральня ў гасцініцы ў Нясвіжы – культурнай сталіцы Беларусі

Нясвіж. Пра адсутнасць гарачай вады вы даведаецеся не адразу...

Паставы: гасцініца пафарбавана толькі з аднаго боку – параднага

Першым пунктам у нашай вандроўцы быў горад Паставы. Гасцініца тут размешчана ў самым пачатку населенага пункта. І як толькі мы ўбачылі яе, падумалі, што тут, напэўна, нядаўна прайшлі «Дажынкі». Як высветлілася, у горадзе некалькі год таму ладзіўся Дзень пісьменства. Двухпавярховы будынак пафарбаваны ў светла-аранжавы колер, перад ім – прыгожыя клумбы, зусім побач – крама, з адваротнага боку маецца нават стаянка для аўтамабіляў. Праўда, з таго самага адваротнага боку гасцініцу ўжо не фарбавалі, і можна паглядзець, як яна выглядала да рэканструкцыі. Рэцэпцыя ў гасцініцы аддзелена ад кліентаў шклянай будкай – такія самыя можна ўбачыць у завадскіх інтэрнатах альбо ў бальніцах. На ўваходзе запаўняем стандартны бланк па памяці (дакументы ў нас не праверылі ні ў адной з гасцініц) і атрымліваем ключы ад нумара. Сказаць, што мы былі прыемна здзіўленыя, гэта не сказаць нічога:

двухпакаёвы нумар – гасцінная і спальня, прасторны ванны пакой, дзе круглы год ёсць гарачая вада, лядоўня і імбрычак, прычым усё функцыянуе, і нават маецца посуд у шафе – ад гранёных шклянак да фужэраў.
Чаму мы здзівіліся, стане зразумела, трошкі пазней, калі аповед пойдзе пра гасцініцы ў іншых гарадах. У выпадку з Паставамі настрой сапсавалі толькі сцены ў спальні, дзе размешчаныя вентыляцыйныя сеткі. Праз гэта мы дакладна чулі, пра што вельмі гучна размаўлялі нашы суседзі-вайскоўцы. За ноч яны паспелі абмеркаваць, што лепш красці на вайсковым складзе і куды гэта пасля перапраўляць.

Браслаў: усе турысты – у адзін душ!

З добрым настроем накіроўваемся ў Браслаў. «Там будзе яшчэ лепш, – упэўненыя мы. – Недарма ж Браслаўшчына – гэта мекка турызму ў Беларусі». Наш аптымізм скончыўся, як толькі мы пераступілі парог гасцініцы. Пафарбаваная звонку, унутры яна нагадвала будынак 60-х гадоў. І неверагодны савецкі пах – ён застаецца навечна ў такіх дамах. Адміністратар кажа нам пра тое, што ванны пакой у гасцініцы ёсць адзін на паверх, прычым падзялення на мужчынскі і жаночы не існуе.

«Але з вадой бываюць праблемы, -- кажа яна. -- Таму лепш не ісці, калі вялікая чарга».
Натуральна, што мы вырашылі не ісці ў душ наогул, дзякуючы пры гэтым вытворцам вільготных сурвэтак. Але самае страшнае было наперадзе -- гэта непасрэдна нумар. Не тое, каб я не бачыла страхоцця ў сваім жыцці, але я і ўявіць не магла, што гасцініца ў Браславе, які называюць ледзь не турыстычным цэнтрам Беларусі, можа быць у такім запушчаным стане.

Першапачаткова мы планавалі правесці тут некалькі дзён, але

пасля адной ночы мне ўжо не хацелася нічога: ні славутых азёраў, ні гарадской архітэктуры, -- больш ні хвіліны не заставацца ў гэтым месцы.

Да выбару наступнай гасцініцы мы падышлі больш сур’ёзна. Выбіралі паміж Мёрамі і Верхнядзвінскам. Палічыўшы, што Мёры ўсё ж большы горад і тут, напэўна, больш адказна падыходзяць да турыстаў, накіраваліся на начлег менавіта туды. Тым больш што ўдалося дамовіцца на «іспалкомаўскі люкс».

Люкс – гэта калі ванна і прыбіральня ў пакоі

Пра гэта трэба распавесці асобна. Адміністратар мёрскай гасцініцы па тэлефоне сказала, што душа ў нумарах у іх таксама няма. А некаторыя нумары нават без прыбіральні, яна на калідоры. І калі я з вялікай незадаволенасцю спытала, як такое наогул магчыма ў ХХІ стагоддзі, супрацоўніца вінавата адказала, што ў іх ёсць адзін люкс. Як высветлілася, люкс у раённай гасцініцы – гэта калі прыбіральня і душ у нумары. Узрадаваная гэтай навіной, кажу, што мы хацелі б забраніраваць менавіта яго. «Але тут ужо жывуць людзі!» – расчароўвае мяне адміністратар. «Ну няўжо ў вас усяго адзін нумар з прабіральняй і душам?» – не вытрымліваю я. «Чаму адзін? Ёсць яшчэ іспалкомаўскі люкс, але я магу выдаць вам яго толькі на адну ноч». Выдатна, больш нам і не трэба.

Задаволеныя такім раскладам, прыязджаем у Мёры, дзе нас чакае дрэннае надвор’е і чарговае змаганне за камфорт. Высветлілася, што адміністратар, якая браніравала нам «іспалкомаўскі люкс», здала сваю змену, а яе калега пра нашу бронь чуе ўпершыню. Тут давялося ужо проста наязджаць на супрацоўніцу і казаць не вельмі добрыя рэчы пра іхні сервіс і працу. Побач стаяў мужчына, які прыехаў у Мёры ў камандзіроўку. Ён глядзеў на нас такімі вачыма, нібыта тэрарысты прыйшлі захопліваць будынак. Адміністратар патэлефанавала сваёй калезе са словамі: «Ванда, мне нічога не будзе, калі я іх пушчу ў гэты люкс?» Напэўна, Ванда ўсё ж дала дабро, таму што нас аформілі, дадаўшы: «Толькі каб заўтра ў 12 вас тут ужо не было!» Мы заплацілі 82 тыс. рублёў – у два разы больш, чым за звычайны нумар, і пайшлі глядзець, што гэта за цуд такі – «іспалкомаўскі люкс», куды нават за грошы нікога не пускаюць.

Двухпакаёвы нумар крыху нагадваў пастаўскі, хоць быў меншага памеру. Гарачая вада тут падаецца з бойлера, а душ стаіць на чатырох ножках. Спачатку было нават страшна, што можна праваліцца на паверх ніжэй – туды, дзе жывуць простыя смертныя, а не іспалкомаўскі бамонд, але абышлося без форс-мажору.

Газета замест туалетнай паперы

Гэта было б смешна, калі не было б так распаўсюджана. У Валожыне ў агульнай прыбіральні на паверсе (у нумарах яе проста няма) адсутнічала туалетная папера...

У Нясвіжы ў ванным пакоі ў некаторых нумарах папросту адсутнічаюць краны над умывальнікам.
Памыць рукі можна толькі душам. Знайсці ў раённых гасцінніцах мыла ці шапмунь – гэта тое самае, што патрапіць на скарб. А бялізна, асабліва ручнікі, нагадваюць канец 80-х гадоў, калі адзін і той жа ўзор можна было ўбачыць у кожнай кватэры.

І калі пра гэта пачынаеш казаць супрацоўнікам гасцініцы, яны не знаходзяць, што адказаць. І не таму, што не ведаюць адказу, а таму, што такія прэтэнзіі, на іх думку, залішнія. «Няма чаго скардзіцца! У горадзе наогул няма гарачай вады! У гасцініцы хоць вечарам падаюць», – сказалі мне ў Валожыне. «Не можа быць душ у кожным нумары», – лічаць у Браславе.

Выключэнне складаюць толькі гасцініцы, дзе праходзілі рэспубліканскія святы.
Вось і ў выпадку з горацкай гасцініцай «Проняй»: пакуль не падыдзе час «Дажынак–2012», камунальнікі, на чыім балансе знаходзіцца аб'ект, не знойдуць грошы, каб уставіць вокны і адрамантаваць сантэхніку. І пакуль чыноўнікаў будуць размяшчаць у «іспалкомаўскіх люксах», яны не даведаюцца, як жывуць звычайныя людзі і што такое турызм па-беларуску насамрэч.

0
Satan / Адказаць
22.10.2011 / 12:05
Пфф, нормальное очко. Аффторы еще видно не были в рабочих общагах. Вот там реально есть на что посмотреть! А что касается мэбли, так это раритет, епта! У меня дома, кстати, стоит две плетеные корзины для всяких там тряпок - им между прочим почти по 100 лет. И хоть бы хны, еще простоят столько. Я не сказал, что это офигеть как круто. Ежу понятно, что гос. заведения, в т.ч. гостиницы, в 80% выглядят не очень. Частные гостиницы нормальные в РБ. Но их мало. Но какбэ... ничо такого на фотках ужасного, чтобы нервы щекотало нету. Поэтому уныло. А в исполкоме всё знают. Но всем покуй (с) Хуле гостиницы, ночь перебинтоваться можно и так - вы по гос. кафешкам проедьте. Заезжали прошлой зимой в Беловежскую пущу с пацанами из России, зашли там в кафешку возле дороги, спросили че поесть есть, посмотрели... и решили, что мы эту подозрительную котлету на витрине есть станем только от сильного голода, да, поехали в кафе Кобрин))
0
Вiнi / Адказаць
22.10.2011 / 12:12
у Браславе ёсьць i iны гагэль.
0
Віталь / Адказаць
22.10.2011 / 12:55
Я таксама быў раз у адным з заходніх райцэнтраў: люксік маленькі, але акуратны і з санвузлом. )) Быў я там двойчы: перпшы раз трапіў адразу ў замоўлены люкс, а другі раз мяне папрасілі пачакаць гадзінку ў звычайным, пакуль люкс прыбяруць пасля папярэдняга наведвальніка. Там практычна так, як у Паставах...
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру