Нацыянальны банк з 1 лютага 2007 г. устанаўлівае стаўку рэфінансаваньня на ўзроўні 11 працэнтаў гадавых. Адпаведная пастанова ад 29 студзеня 2007 №29 была прынята Праўленьнем галоўнай банкаўскай установы краіны.

«Павелічэньне стаўкі рэфінансаваньня на адзін працэнтны пункт, — гаворыцца ў прэс‑рэлізе Нацбанка, — скіравана на павышэньне даходнасьці ашчаджэньняў у нацыянальнай валюце і далейшае стымуляваньне росту ўкладаў насельніцтва і прадпрыемстваў у банках».

Эканаміст Зьміцер Бабіцкі мяркуе, што павышэньне стаўкі — прыкмета таго, што Беларусь чакае інфляцыя. «Павышэньне нязначнае, але яно прывядзе да павышэньня стаўкі крэдытаў у камэрцыйных банках, цесна завязаных на стаўцы рэфінансаваньня».

Стаўка рэфінансаваньня вызначаецца для камэрцыйных банках: г.зн. працэнт, пад які банкі маюць права браць крэдыты ў галоўнай фінансавай установы краіны, а потым прадаваць крэдыты насельніцтву. Кожны камэрцыйны банк потым вызначае свой працэнт, але ён цесна прывязаны да базавай стаўкі.

Зазначым, што цягам некалькіх гадоў стаўка рэфінансаваньня пастаянна зьніжалася, што было прыкметай умацаваньня рубля.

Так у 2000 г. стаўка рэфінансаваньня некалькі разоў павысілася, і на 21 лютага 2000 г. склала 175 працэнтаў гадавых. 13 сакавіка 2000 г. яна ўжо складала 130 працэнтаў гадавых, 20 красавіка 2000 г. — 110%, 22 траўня 2000 г . — 100%. 18 верасьня 2001 г. яна складала 48%, але 10 студзеня 2002 г. была павышаная да 66 працэнтаў. З гэтага часу яна пастаянна зьніжалася.

Апошні раз стаўка рэфінансаваньня зьніжалася 29 лістапада 2006 г.: з 10,5% да 10,0%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0