30.01.2007 / 20:36

Зюганаў і мядзьведзі Абноўлена фотарэпартажам 3

У аўторак у Менск завіталі кіраўнікі камуністычных партыяў Расеі і Вугоршчыны Генадзь Зюганаў і Д’юла Цюрмэр. Абодва камуністычныя лідэры правялі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Наш карэспандэнт Зьміцер Панкавец пабываў на прэсавай канфэрэнцыі расейскага саюзьніка Лукашэнкі.

У аўторак у Менск завіталі кіраўнікі камуністычных партыяў Расеі і Вугоршчыны Генадзь Зюганаў і Д’юла Цюрмэр. Абодва камуністычныя лідэры правялі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

На сустрэчы зь Цюрмэрам прэзыдэнт краіны адзначыў, што хацеў, каб беларуска‑вугорскія дачыненьні разьвіваліся больш інтэнсіўна. Лукашэнка падкрэсьліў, што ў Беларусі існуе вялікая зацікаўленасьць у Вугоршчыне, асабліва ў гандлёва‑эканамічным супрацоўніцтве. Трэба адзначыць, што тамтэйшая камуністычна‑рабочая партыя ня мае вялікай вагі ў сябе на Радзіме, але Д’юла Цюрмэр паведаміў, што хутка ў Менску адчыніцца пасольства Вугоршчыны.

Мэта візыту старшыні КПРФ Генадзя Зюганава застаецца не да канца яснай. На пытаньне журналістаў пра мэты паездкі Зюганаў адказаў, што «захацеў убачыцца з кіраўніком вашай краіны, з вамі, са сваімі беларускімі сябрамі». Лідэр кампартыі Расеі меў двухгадзінную сустрэчу з Лукашэнкам, які зрабіў падчас сустрэчы некалькі гучных заяваў.

Генадзь Зюганаў неаднаразова выбачаўся перад беларускім народам за палітыку, якую праводзіць расейскія ўлады, бэсьціў расейскіх алігархаў, якія праводзяць антынародную палітыку, расказваў пра іх анэкдоты, а таксама заклікаў да далейшага аб’яднаньня беларускага і расейскага народаў.

На лягічнае пытаньне журналістаў, дык з кім аб’ядноўвацца, калі ў Расеі антынародная ўлада, ён адказаў, што «сёньня нельга гаварыць пра адну Расею, іх некалькі, гэта алігархічная Расея і народна‑патрыятычная, а б раіў весьці аб’яднаньне акурат з другой».

Часамі здавалася, што Зюганаў нібыта перахапіў рыторыку Лукашэнкі і беларускіх дзяржаўных СМІ: «Ранейшая цэны на газ і нафту была цалкам нармальнымі, калі ўлічыць, што празь Беларусь праходзяць тысячы кілямэтраў расейскіх трубаправодаў, на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца дзьве вайсковыя расейскія базы, але наша суседка ня падымала кошты на іх утрыманьне, а расейскія ўлады пайшлі на амаральны крок».

«Без саюзу Беларусі, Украіны і Расеі ня можа быць гістарычнай будучыні ў нашых народаў, ‑‑ казаў Зюганаў. – Аб’яднаўшыся, мы будзем мець палову сусьветных запасаў прэснай вады, хваёвых лясоў і чарназёму, менавіта гэтыя фактары будуць зьяўляцца вырашальнымі ў бліжэйшай будучыні».

Лідэр КПРФ скептычна выказаўся, што да паступовага збліжэньня Беларусі з Эўропай. «Захад ніколі не любіў і не палюбіць Расею і падобныя ёй краіны. Флірт з Малдовай, Украінай, цяпер – Беларусьсю яны выкарыстоўваюць з адзінай мэтай, каб паслабіць пазыцыі Расеі ў сьвеце. Калі вы, урэшце, купіцеся на абяцаньні Захаду, то вас могуць чакаць вельмі вялікія праблемы. На вашым месцы я б перасьцярогся».

Зюганаў называў сябе апазыцыянэрам да дзейснай у Расеі ўладзе, расказваў як уціскаюць і не даюць КПРФ рэгістрацыі ў многіх рэгіёнах Расеі. Пры гэтым ён не падтрымаў ПКБ, якой цяпер пагражае закрыцьцё. «Калякін некалі адмовіўся ўдзельнічаць у зьезьдзе левых партыяў, дзе мы пастанавілі аднавіць СССР, ён ня выказаўся ў падтрымку Краснай плошчы ў Маскве, якую хочуць разбурыць. Пасьля я ўбачыў Калякіна ў Страсбургу, куды ён прыехаў абараняць інтарэсы БНФ, у гэтага чалавека няма нічога супольнага з камуністычным і левым рухам».

Таксама расейскі госьць выказаўся адносна таго, што Расея губляе пазыцыі на прасторы былога Савецкага Саюзу. «Гэта ўсё ад няправільнай палітыкі, якую праводзіць Крэмль. Ім не падабаецца памаранчавая праказа ва Ўкраіне, мне таксама, не падабаецца палітыка Саакашвілі, я таксама лічу яго хворым чалавекам, не падабаецца пазыцыя Эстоніі. Аднак у Расеі заўсёды былі рычагі, у тым ліку і эканамічныя, якімі ён мог паўплываць на гэтыя краіны, але афіцыйны Крэмль чамусьці ня робіць гэтага».

Зюганаў упэўнены, што ў Расеі абсалютная большасьць, апроч «жырыноўцаў» і ім падобных», выступаюць за саюз зь Беларусьсю, пры гэтым ён адзначыў, што Беларусь ня мусіць згубіць свой дзяржаўны сувэрэнітэт.

Акрамя ўсяго іншага Генадзь Зюганаў паведаміў, што КПРФ мае намер зьняць дакумэнтальны фільм пра Пятра Машэрава, а таксама, што ён амаль скончыў працу над зборнікам анэкдотаў «Зюганаў пра мядзьведзей».

Фота Юліі Дарашкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Зьміцер Панкавец

0
Вавёркін / Адказаць
30.01.2007 / 23:57
1. Генадзь Зюганаў прадстаўляе народна-патрыятычную Расею, адсюль атрымліваецца, што Пуцін - ні прадстаўнік свайго народу, ні патрыёт. Месца патрыёта ўсіх патрыётаў занята Генадзем. Лягічна, як ні што. 2. Тое, што Лука збіраецца зачыніць ПКБ гэта галоўнага народнага патрыёта ніяк не кранае, бо Калякін ..., а вось тое, што ягонай партыі перашкаджаюць рэгістравацца ў рэгіёнах - гэта антынародная палітыка. Пасьлядоўна, як ніколі. 3. Эканамічныя рычагі супраць "памаранчавай" Украіны, "хворай" Грузіі, "не падабаючыйся" Эстоніі ўжываць можна, а вось супраць паразытуючага Лукашэнкі - амаральны крок. Бліскучы падыход, які непазьбежна прывядзе да аднаўленьня страчаных пазыцый Расеі. Можа на Ўсходзе новая форма грыпу з'явілася?
0
Галіна Арцёменка / Адказаць
31.01.2007 / 00:44
А хіба ж не камуністы сёння пры ўладзе ў Крамлі? Камуністы і кэдэбісты - гэта адно і тое ж, з аднаго цеста зпечаны. Мы ні да каго не поўдзем ў палон, мы будзем жыць ў сваёй краіне.
0
Вавёркін / Адказаць
31.01.2007 / 01:10
"Камуністы і кэдэбісты - гэта адно і тое ж..." Не згодзен. "Мы ні да каго не поўдзем ў палон, мы будзем жыць ў сваёй краіне." Усё залежыць толькі ад нас наколькі мы гатовы да адстойваньня Краінай звацца.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру