Бабруйскія ратавальнікі дасталі нованароджанага з памыйнай ямы грамадскай прыбіральні на станцыі Цялуша.

Як паведамілі ў прэс-службе МНС Беларусі, паведамленне аб тым, што ў памыйнай яме прыбіральні знойдзена немаўля, паступіла ў Бабруйскі гараддзел па надзвычайных сітуацыях 23 кастрычніка ў 19.30. Падчас абходу тэрыторыі начальнік станцыі ў прыбіральні знайшоў дзіця, якое плакала. Каб дастаць малога з ямы, ратавальнікі разбілі бетонную падлогу прыбіральні. Дзіця было перададзена брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі.

Паводле слоў медыкаў, дзіця даношанае, важыць 3.180 грамаў. Яно шпіталізавана ў Бабруйскі раддом.

Разам з дзіцем шпіталізавана і маці. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе УУС на транспарце, яе міліцыянеры знайшлі на самой станцыі. Маладая жанчына па ўсіх прыкметах нагадвала парадзіху: была бледнай, нервовай, адзенне выпацкана крывёй.

Паводле яе слоў, яна не ведала, што была цяжарная. На станцыі адчула боль у жываце, пайшла ў прыбіральню, дзе ў яе пачаўся моцны крывацёк. Таго, што яна нарадзіла, жанчына, паводле яе слоў, не зразумела.

Работнікі УУС на транспарце праводзяць разбор па гэтым факце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?