…і, як правіла, толькі ў сувязі з яго каментарамі па пытаннях міжнародных адносін.

Памочнік Аляксандра Лукашэнкі па замежнай палітыцы часцей за ўсё знаходзіцца «ў цені».

Сайт WikiLeaks праліў святло на гэтую постаць, апублікаваўшы канфідэнцыйную перапіску дыпламатаў Злучаных Штатаў Амерыкі. Валянцін Рыбакоў згадваецца ў дзясятках дэпешаў.

У дакументах з архіва WikiLeaks памочніка прэзідэнта апісваюць як «сталы кантакт» пасольства ЗША ў Беларусі, падпарадкаваны галаве прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміру Макею. Рыбакоў і яго непасрэдны начальнік маюць штодзённы доступ да Аляксандра Лукашэнкі, што робіць іх наўпростым каналам камунікацыі найвышэйшага кіраўніцтва краіны з замежнымі дыпламатамі.

У прыватнасці, праз іх адміністрацыя беларускага прэзідэнта паведаміла пасольству ЗША шэраг важных навінаў — напрыклад, у 2008 годзе пра тое, што рэжым змякчае сваю пазіцыю ў дачыненні да Беларускага Хельсінкскага камітэта і не будзе ліквідаваць гэтую праваабарончую арганізацыю. А падчас расійска-грузінскага канфлікту — што ўрад Беларусі працягне заклікаць бакі да перамоваў і спынення ваенных дзеянняў.

Менавіта Рыбакоў паведаміў пра тое, што арыштаваны ў Беларусі грамадзянін ЗША Эмануіл Зельцэр будзе вызвалены. У дэпешы ад 1 снежня 2008 адзначана: калі амерыканскі дыпламат пацікавіўся ў памочніка прэзідэнта здароўем Зельцэра, той нібыта адказаў: «Мы прасочым, каб ён не памёр».

Раней naviny.by пісалі пра падрабязнасці сустрэчы намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Наталлі Пяткевіч з памочнікам дзяржаўнага сакратара ЗША Дэвідам Крамерам з нагоды магчымасці паляпшэння адносін паміж краінамі. Згодна з WikiLeaks, менавіта Рыбакоў выказаў амерыканцам зацікаўленасць у арганізацыі такой сустрэчы для Крамера.

Згадвалі Валянціна Рыбакова ў дыпламатычных дэпешах і ў сувязі з сітуацыяй вакол вымушанага ад’езду амерыканскага пасла з Беларусі.

Нагадаем: наведваючы «SOS-дзіцячую вёску» ў Бараўлянах 30 снежня 2007, Аляксандр Лукашэнка прыгразіў паслу высылкай у выпадку пашырэння Злучанымі Штатамі санкцый. «Як толькі будуць уведзеныя істотныя для нашай эканомікі санкцыі, то мы адрэагуем самым жорсткім чынам па ўсіх напрамках: і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і па іншых напрамках. Першы, хто будзе выкінуты, гэта будзе пасол Злучаных Штатаў», — заявіў тады Лукашэнка.

У той жа дзень пасольства звярнулася да Рыбакова па тлумачэнні. Але выявілася, што ён не знаёмы з заявай кіраўніка дзяржавы і не можа адказаць адразу, адзначана ў дэпешы пасольства ЗША. І нават на наступны дзень, ужо азнаёміўшыся з выступам Лукашэнкі, Валянцін Рыбакоў не змог сказаць дыпламатам нічога пэўнага.

Неўзабаве стала зразумела, што пагроза Лукашэнкі не пустая. У адказ на ўвядзенне ЗША санкцый у дачыненні да канцэрна «Белнафтахім» Беларусь адклікала з гэтай краіны пасла Міхаіла Хвастова. Амерыканскі пасол Карэн Сцюарт была вымушаная пакінуць Беларусь 12 сакавіка 2008, пасля чаго беларускія ўлады дамагліся значнага скарачэння штату амерыканскага пасольства. Валянцін Рыбакоў нібыта казаў часоваму паверанаму ў справах ЗША Джонатану Муру, што рашэнне аб скарачэнні штата пасольства было прынятае асабіста Лукашэнкам.

Агульная выснова, які вынікае з шырокага спектру данясенняў амерыканскіх дыпламатаў у Вашынгтон, палягае ў тым, што у замежнапалітычных пытаннях Міністэрства замежных справаў Беларусі другаснае ў дачыненні да прэзідэнцкай адміністрацыі. А прынцыповыя пытанні замежнай палітыкі Лукашэнка вырашае самастойна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?